You are viewing ifighenia

Крыху пра сына

pino t
Вітторыё 21 месяц. Больш пільныя і працавітыя маці пакідаюць тут штомесячныя справаздачы пра сваіх дзетак, але пра мяне заўжды казалі - гультайка. Пасьля запісу пра нараджэньне сыночка - ані слова. Я думаю, мне не падыходзіць рэгулярны фармат занатовак. Няхай усё будзе спантанна.
Коцічак-сын, вядома, мае свой асабісты характар. Ён вельмі вясёлы, камунікабельны (але любіць гуляцца не з равесьнікамі, а з дарослымі і каб яны яго забаўлялі). Ад усякай драбязы Вітор можа сьмяяцца, як апантаны, але гамон, калі ў яго забярэш цацку, зь якой ён гуляецца - будзе крык дзікага змагара і пашкоджаныя тымпаны ў вушах. І дарма, што за цацкі Коця прымае рэчы, для гульні зусім не прызначаныя. Яго не падманеш цацачным тэлефонам і нават сапраўдным, але выйшаўшым з ужытку - толькі пэрсанальныя мабільнікі бацькоў прыцягваюць увагу. А яшчэ - мыш кампутара ("Кот, не чапай мыш!"); за клацаньне ж па клявіятуры мама ўвогуле лаецца. Любіць тэхніку, пастаянна катуе шматлікія пульты і, вядома ж, пераключае тэлевізійныя каналы ў самы непадыходзячы момант. Яшчэ сыну падабаюцца ўсякія крэмы (выдаўліваць і размазваць) і маміна касмэтыка (зноў-такі, шкодная мама не дае з пудрамі-памадамі гуляцца!); пыласмок ды іншыя хатнія прылады, а больш за ўсё - тапкі. Узяць за нячыстую падэшву пантофлю і прынесьці яе тату на канапу - вось радасьць (ну ці абуць аграменныя тапкі на ножку і ўмудрацца нават перасоўвацца).
Віторчык любіць хапаць рэчы са стала і ствараць раскідач, а яшчэ болей - разьбіраць сьвежапрынесеныя з крамаў торбы. Дастане ў першую чаргу ёгурт, памідоры і - самае ўлюбёнае - хлеб. Асабіва той, што з хлябарняў, сьвежасьпечаны. Наогул ён проста пражэра: есьць больш за маму дый дабаўкі просіць. А як Коцічку падабаецца печыва (даю Плазман, адмыслова для дзетак)!.. Макаць у ёгурт або ў малако, сумяшчаць смак з гульнёю. Не пасьпее адно печыва дажаваць - абурана мычыць і ўказвае пальчыкам: давай, маўляў, наступнае. У дзіцячым садку, куды ён ходзіць толькі яшчэ зь месяц, сын зьядае нават трайныя порцыі ежы (яшчэ б, там кормяць як у рэстаране, а ня так, як у жахотных савецкіх садках). Выхавацелькі яму падабаюцца, а вось зь дзяцьмі ён гуляцца пакуль ня вельмі ўмее. Хаця раз на пляцоўцы пацалаваў дзяўчынку на 2 месяцы малодшую проста ў вусны. Мы зь ейнай маці былі ў шоку - адкуль навучыўся?
Коця любіць мульцікі, а асабліва - рэкляму. Мама вось яе ненавідзіць, але мусіць глядзець часам, раз сыночку падабаецца. Яшчэ болей сын любіць застаўкі і тытры ад сэрыялаў і перадач. Як толькі пачуе любую, нават кепскую музычку - прымаецца танчыць і кружыцца. Але здаецца, цяжкі рок Коцю ўсё ж аддае перавагу. Да танцаў нібыта ёсьць талент - гэта дакладна ад бацькі, а мяне можна паставіць танчыць хіба ў цырк, будзе сьмешна.
Сынок яшчэ не размаўляе - ён у гэтым позьні. І хадзіць позна пачаў, у 16 месяцаў, тады ж, калі ад грудзей мамчыных адвучыўся. Гаворыць толькі "баба", што на тату, што на маму - калі браць "сьвядомыя" словы. Я праз гэта не засмучаюся - няма ж такіх людзей, якія проста не загаварылі і ўсё. Што я ў 8 месяцаў хадзіла а ў паўтара гады чытала вершы, толку з гэтага выйшла мала: ні працы цяпер, ні прафэсыйнай рэалізацыі. Можа ў сына ўсё будзе наадварот, хаця гэта такія павярхоўныя развагі. Вось што рана ў яго зьявілася, то зубы - зь пяці месяцаў пайшлі (на шчасьце, ня вельмі балела, калі прарасталі), а яшчэ да года ў яго быў поўны рот зубоў. Адразу бачна - любіцель паесьці. Гэта ў яго таксама ад бацькі. Што ад мяне - то дурная манэра неяк выкручваць руку тыльным бокам далоні ды любоў да спаньня да паўдня (шкада, цяпер садок - не пасьпіш, але ўстае ён з такой зайздроснай лёгкасьцю, што я аж скуголю), а вось удзень Коця ня сьпіць (спаў толькі крыху пасьля смактаньня і толькі ў мяне на руках)
Вітор любіць жывёлак, аднак, не адрозьнівае іх. Радуецца календару з коцікамі, можа паказаць як вые воўк і як цокае конь, а потым медзьвядзя і зайца блытае з ваўком, а сабаку з катом. Яшчэ забаўляўся тым, што паказваў "тата" на маму і наадварот. Можа, ён гэта адмыслова? У Коці практычныя навыкі: з ахвотай нясе шкарпэткі перад выхадам на вуліцу і спрытна засоўвае ножкі ў боцікі, ды яшчэ і працягвае маме торбу - каб не забылася. Любіць машынкі - "брум", а асабліва - канструкцыі. Ну вядома ж, любіць новыя, яшчэ неабмацаныя рэчы, заўважае імгненна ўсе навінкі. Яшчэ любіць выціраць соплі папяровай хустачкай (асабліва маме, гэта ж цікавей). Скажаш яму памыць рукі - бяжыць да бідэ, сам хоча адкрыць ваду і ўзяць мыла, сам ідзе сушыць іх ручніком. Увогуле, умела імітуе і капіюе любую дзейнасьць нас, дарослых. Размаўляць - гэта для інцелектуалаў, а яму больш рабіць падабаецца.
Ды хіба можна апісаць у пары радкоў цэлы сусьвет амаль двухгадовага дзіцяці! Не, і яшчэ раз не!
Я вельмі люблю майго сонечнага залатога коціка (хоць гэтая заява тут лішняя).
У яго дзіўнага колеру вочы - ці то зялёныя, ці то шэрыя, ці то марской хвалі. Камусьці здаецца, што яны мігдалападобныя, як мае, а камусь - зусім і не. У яго русявыя татавы валасы, татава сіла ў руках і татаў добры апэтыт. Але мой кірпаты носік, маё падвойнае падбародзьдзе і мой круглы твар.
Хтосьці кажа, ён падобны да мяне, а хтось - да ягонага таты. Я ня ведаю. Ліч
у, што Вітторыё сам да сябе падобны і ўжо дакладна ў яго ня нашыя тэмпэрамэнты, і гэта добра!
глядзецьCollapse )

Усялякі хаос

evviva
Я люблю езьдзіць на Радзіму.
Мне гэта рэдка ўдаецца, таму люблю ўсё болей. Калі доўга ня еду - сьню штоночы нейкія мяшаныя краявіды трох асноўных гарадоў майго жыцьця: двух беларускіх і аднаго тутэйшага (што да Мазыра, то я яго хаця і помню даволі някепска як на дашкольніцу, але ня сьню чамусьці ужо даўно. Адпусьціла, відаць). І ў гэтых сьненьнях я заўжды займаюся ўлюбёнай справай майго жыцьця: выпіваю зь сябрамі. Гэтага таксама тут вельмі не стае.
Калі перасякаеш мяжу зь Літвой на Віленскім цягніку, узьнікае столькі моцных пачуцьцяў, што блазнецкая прыдуркаватая ўсьмешка ня сходзіць з твару да самага Менску. Вільня, вядома ж, асобная тэматыка - можа быць, іншым разам.
Паветра тут асаблівае - дакладней, проста для кожнага эмігранта здаецца асаблівым паветра Радзімы. Памятаю, як баба распавядала пра ейных знаёмых мазырскіх габрэяў, што зьехалі ў Ізраіль, а потым вярталіся і цалавалі зямлю. Толькі вось, мяркую, пасьля гэтага яны зьязджалі зноў. Ды й што лічыць іхнай Радзімаю?!.
Усё ж я не пачуваюся як дома на сваёй зямлі. Ніколі не пачувалася, заўжды была беспрытульнай асобінай, усюды. А цяпер яшчэ большы кантраст. Спачатку было дзіка чуць расейскую мову, невядома чаму, стаіш на вакзале і не разумееш - дзе я, хто я... Потым такіх дзівотаў у мяне было нямала.
Вось што спраўдзілася, дык гэта цудоўныя сьненьні. На жаль, у мяне было мала дзён, але харошанькага пакрышку.
Заўважана, што мы рэдка адчуваем напоўніцу шчасьце ў самы яго момант, і толькі пасьля ўспрымаеш гэтыя імгненьні як шчасьлівыя. Ці шмат каму з вас удаецца злавіць яго за хвост, тое непасрэднае імгненьне?
Праблемы жыцьця тут і там - розныя, нават дыямэтральна супрацьлеглыя. Таму і праўда, пажыўшы ў краінах Заходняй Эўропы, робіцца незразумелым і нават дзікім лад беларускі. Гэта не снабізм і не фанабэрыя. Тое ж дзейнічае - часам - і ў адваротным выпадку. Сустракаюцца асобы (а сярод расейцаў - бадай што ўсе), якія і зьехаўшы намагаюцца захаваць усё сваё як мага больш некранутым, закансэрваваць і перанесьці ва ўжытак у новай краіне. Бачыла, як у адзінай расейскай школе Турына жанчынкі гучна абураліся чэрствасьці тутэйшых урачоў. Мне ўзгадалася, як у сэрыяле пра доктара Хаўза герой казаў: "Які ўрач вам больш да спадобы - той, хто вас лечыць, або хто трымае вашу руку, калі вы паміраеце?" А яшчэ вучыцелькі расейскай у той школе абураліся, што нягеглыя дзеці вымаўляюць "хорошо" замест "харашо" (дзіўна, як яны яшчэ "х" ў іх вымаўляюць!?) Я тады толькі напачатку цяжарнасьці была, і галоўная думка круцілася: "ніколі не аддам сюды сваё дзіця".
Дзівотаў хапіла ў Беларусі, як з майго боку, так і зь ейнага. Так, па звычцы я намагалася ўздымаць руку на пад'язджаючы аўтобус (ён жа ня спыніцца, калі яго не тармазьнеш, не??). Уразіла колькасьць грубых, азлобленых людзей, што лаюцца матам. Людзі, пахнучыя перагарам і даўняй нямытасьцю - я ўжо і ня памятала гэтага. Якасьць тэлефоннага абслугоўваньня і хуткасьць папаўненьня тэлефоннага рахунку. А я, наіўная, думала, што яно прыходзіць адразу, а не праз тры гадзіны. Харчаваньне ў стылі "хутка-смачна" горае штогод, але так непрыкметна. На чыгуначным вакзале я мусіла трываць голад, бо з маіх улюбёных бліноў там былі толькі нейкія зьвялыя (пратэрмінаваныя?) з кілбасой (ці варта казаць, што тую кілбасу я адвечна пазьбягаю), а ўсякія чабурэкі, смажанкі з той жа кілбасой ды шаўрмы я наагул ня ем. Затое - о, радасьць! - морквавы сок у наяўнасьці амаль у кожнай буйной краме. Праўда, і тут пагаршэньне - яго ўжо менш і часта мяшаны, невядома навошта, з апэльсынам ці яблыкам.
Асобная тэма - правінцыя. У квітнеючым і насычаным фабрыкамі горадзе Л. таксама ўзьнікала праблема перакусу. Пасьля бутэрбродаў з чорнага хлеба і сыру з маянэзам, набытых у нейкім тыпа бары (сьледам за мной увайшоў па-бамжоўску пахнучы дзядуля, зь якім прадавачка сардэчна так пагутарыла) мне было літаральна блага. У кавярнях абслугоўваньне прымушае вылупляць вочы: у адной ты яшчэ не закончыў, а яны вырываюць у цябе келіх са словамі: "ешё заказывать будете?" (а ня будзеце дык валіце нафіг хутчэй!); дзьве іншыя былі зачыненыя насуперак раскладу; у чацьвертай так моцна тхло, прабачце, сцулямі, што мы зь цяжарнай сяброўкай адразу ж уцяклі; у наступнай усё было амаль шыкоўна: ні непрыемных пахаў, ні прагонаў, нават аздабленьне амаль што стылёвае. Кава каштуе ў паўтары разы больш чымся ў Італіі, але ладна. Толькі пірожныя нясьвежыя, а вяршкі з садавінай патыхалі хіміяй. На мае адчайныя пошукі пакетцікаў з цукрам мне заявілі што цукар - за асобную плату. Але нічога, жывем як можам, дый ці гэта галоўнае!..
Гарады адтынкаваныя, адшліфаваныя, але зь няўмольна дэпрэсыўным духам, або можа гэта я так адчувала. Хутка мне пачало карцець назад - не праз кепскі сэрвіс і адсутнасьць бліноў, а празь менавіта гэтую "дэпрэсыўнасьць", што мучыла мяне й раней. Можа гэта і праўда клімат? Б. казаў, нібы можна быць патрыётам, жывучы за мяжой, бо ўсе цяпер жывуць у фэзбуках. Але там не адчуеш духу краіны, яе атмасфэры, ні шчымлівых нотак, ні вусьцішных, што жвава кранаюць нутро.
Я ўжо вельмі адвыкла ад многіх рэчаў. Напрыклад, ад няўмеранай колькасьць міліцыянтаў. Так і ўздрыганесься іншы раз. Вось чаму тут непапулярныя майкі з Пагоняй (а я так прагла набыць сабе!) - бо спыняць і гамон. У архіве, дзе я працавала, дырэктарка не ўпадабала была маю стужку - маўляў, стужку трэба насіць у душЫ (у дУшы, калі што, таксама можна). А тут я магу насіць што заўгодна. І вось яшчэ дзівоты: па прыезьдзе ўзгадваеш Радзіму з такой пяшчотай і цеплынёй, так хочацца зноў вярнуцца, пераадолеўшы жывёльны страх самалётаў... Проста ўсё дрэннае выпарваецца, пакідаючы кранальны вобраз у глыбіні цябе.
IMG_7512

Жыцьцё цячэ

lau
Напішу ўраскід пра ўсякае.
...Працягваецца сумная вайна, і часам гэта вельмі выбівае з каляіны, дэзарыентуе. Будзіць хвалю непрыняцьця зла, а бывае й нейкую няўцямнасьць - ну ці можна пастаянна на такой хвалі? я наогул хіба прычым тут? не магу ж я без канца атручваць уласнае жыцьцё нянавісьцю і змрочнымі думкамі? Здарэньне з самалётам падкасіла ўнутраны стан. Раззлавалі выкладзеныя паўсямесна /ў фацэтбуку і жж/ фоткі з надпісам "гэта жорстка, але гэта трэба паглядзець". Хочацца запытацца: КАМУ трэба глядзець? Напэўна, усё ж тым, хто зьбіў самалёт, хто ярасна падтрымлваў агрэсара і яго прысьпешнікаў. А ня тым, у каго ўсё ў парадку з чалавечнасьцю, а чульлівасьць, на жаль, павышаная. Так можна гэтых людзей увогуле зламаць, падкасіць, раздушыць знутры. Я лічу, што некаторыя рэчы ў інтэрнэце маюць патрэбу ў жорсткай цэнзуры, а людзі, якія наўмысна ці не іх учыняюць, няхай самі адчуюць такі боль, які яны далі іншым. Магчыма, тут са мной многія не пагодзяцца.
...Пераадольваю ўласныя хандры і нізкія эмацыйныя станы. Досыць. Урэшце, гэта ўсё толькі пераходныя і больш-менш хуткаплынныя жыцьцёвыя пэрыяды. Ніколі ня трэба забывацца, што ў цябе ёсьць канкрэтны сэнс жыцьця: малы, рухавы, гарэзьлівы і вельмі вясёлы. Самы цудоўны ў сьвеце і самы любімы. А яшчэ ёсьць каханьне, якое расьце дзень за днём. Чаму мы так часта недаацэньваем тое, што маем?
...Але спынім сэнтымэнтальныя парывы. Канкрэтныя дробныя і ня вельмі радасьці таксама наяўнічаюць: вось напрыклад шыкоўны Бэйліс у лядоўні. Яшчэ - амаро Лукано, але яно надта моцнае, я пасьля 2-гадовага перапынку яго зь цяжкасьцю адольваю палову кававага кубачка, а раней жа быў улюбёны напой і мы зь сяброўкамі яго трушчылі бутлю на двох. Як успомню, так здрыгнуся. Дарэчы, наконт сябровак. Пасьля доўгага пэрыяду сацыяльнай амаль ізаляцыі ў мяне тут зьявілася сяброўка румынскай нацыянальнасьці: неверагодна пазытыўная жанчынка. Што зусім выдатна. Яшчэ ў нас праходзіў фэстываль Моцарта: на гарадзкой плошчы цягам тыдня аркестар і опэрны калектыў цалкам бясплатна выконвалі найлепшыя творы кампазытара. І нават дождж не замінуў нам асалоджвацца Чарадзейнай флейтай.
...Успыхнула загаслае было захапленьне каляпсыхалягічнай псэўданавукай сацыёнікай. З жахам пратыпавала сябе ў "Дастаеўскія" (хаця 3 гады лічылася "Гамлетам"), затое муж апынуўся дуалам. Пратыпаваўшы з тузін знаёмых, пару пэрсанажаў гора-раману і прататыпа ягонага пратаганіста, я нацешылася, а скепсіс зноў узрос. Карацей, я ў вашых гэтых гульнях ня ўдзельнічаю, так што я "Станіслаўскі", які ня верыць у сацыёніку, або проста Ліра, сама сабе вольная птушка. А хто-небудзь з вас захапляўся быў гэтае фігнёй?
...Час ад часу ўзьнікае карціна перад вачыма: я выходжу зь цёмнага елкавага лесу на чыстую сьцяжыну ў полі насустрач вясёлцы і ўсяму цудоўнаму, чароўнаму ў жыцьці, пакідаючы змрок і бруд за сабой. Гэтая фантазія зьявілася недзе крыху менш за паўгады таму, і шторазу здавалася: вось-вось, яшчэ крок - і выйду з таго лесу; але не, усё апыналася ілюзіяй. Але ж і ня ўсё так змрочна, праўда?
...Перачытваю Барысевічава "Альтэр Нэмо", ну такая файная заспакаяльная рэч. Аўтар проста супэрмалайчына. Калі-небудзь я - адолеўшы прыродную ляноту - перакладу яго, і няхай тутэйшая публіка асалоджваецца таксама.
...Вакол - ня толькі водгаласы чорнай вайны. Тут столькі прыгажосьці, што проста нейкі грэх яе ігнараваць. Жыцьцё цячэ - трэба жыць...

Мой сябра алькаголь

scarpe
Дзе сканчаецца здаровая цікавасьць і пачынаецца залежнасьць? Ці сапраўды жанчына сьпіваецца за паўгады? І што тады казаць беднай Ліры са стажам у 11 год без уліку перапынка? У мяне было 2 гады, каб абдумаць гэтыя пытаньні, а заадно даць алькаголю віну ў маёй звыклай млявасьці. І вось цяпер мінула паўтара месяцы як мне зноўку можна піць. З радасьцю прынялася за піва і віно, заўважыўшы дзьве навіны: 1) мне дастаткова малой колькасьці (1 келіх) для ап'яненьня 2) сьветлае піва мне ўжо амаль абыякавае. За моцныя напоі кшталту амаро або нават марціні прымацца крыху боязна - а што, калі мне ад іх дах зьнясе?
Дарагія сяброўкі, а ў вас на гэты прадмет які асабісты вопыт пасьля нараджэньня дзіцяці?

p.s. не пытайцеся ў мяне, нашто я п'ю: пэўна, я папросту не магу ня піць. Я ведаю, што "алькаголь выкупаў Брайна Джонса ў басейне" ды заадно нарабіў і іншых пачварных злачынстваў. Але гэта адзінае, што мне супакойвае нэрвы і насамрэч рэлаксуе. Ну і яшчэ процьма мэтафізычных прычынаў.

Шчыры і нягеглы пост

gelidu
Сябры! Я ня пэўная, ці варта ўвогуле пра гэта пісаць, бо насамрэч тэмай паста мусімецца адна сьмеху вартая праблемка... Увогуле, раней я была вельмі даверлівай і занадта шчырай. Калі б у мяне быў доступ да сацыялак год на 10 раней, чымся я да іх дарвалася (але гэта немагчыма, бо іх тады яшчэ проста не існавала), то я бы рызыкавала зрабіцца непрыемнай душэўнай экзгібіцыяністкай, распавядаючы направа і налева ўсе свае непаладкі з галавой. Цяпер я зрабілася нечым амаль супрацьлеглым: даволі недаверлівай істотай, якая ўсе свае дзівоты ў джорналах ня піша і новым знаёмым не распавядае. А то ці мала што. Наклала пячатку, само сабой, мэнтальнасьць п'емонцкага народу, сярод якога я жыву: яны паранаідальна падазроныя, скрытныя (чорць ведае, як па-беларуску гэтае слова), дзьверы не адчыняюць, тэлефон не падымаюць, знаёмстваў асьцерагаюцца, фэйзбукі не карыстаюць, а то ці мала што зь іхнымі дадзенымі зрабіць могуць нехарошыя людзі! Перабольшваю, скажаце? Ані! Хаця і ня ўсе яны такія, але агульная тэндэнцыя ёсьць.
Аднак пост будзе не пра іх, а вось пра што. Ёсьць цікаўны артыкул наконт савецкіх мульцікаў, якія варта было б забараніць, вось тут. На маё шчасьце, некаторыя зь іх мне паглядзець не давялося, а праславёны Вожык мяне ў дзяцінстве зусім ня ўразіў (ад яго так і патыхала даросласьцю, а я ж была такая дзіця, перакліненая на пітэрпэнстве і шчыра не разумела, як можна жадаць зрабіцца дарослым). Праблема ў тым, што прапанаваных да забароны мульцікаў ў тым артыкуле замала. Я цалкам сур'ёзна лічу, што іх варта забараніць нашмат большую колькасьць. Ну, вядома, вы ўжо ведаеце, што я савецкія мульцікі вельмі дзіка люблю (адзінае з саўка, што люблю, ну і пару фільмаў эпохі перабудовы) і шаную. Але. Псыхіка даражэй. Вось паглядзіць некаторыя шэдэўры які-небудзь празьмерна чульлівы (як я) чалавек, і мучацца будзе ўсё жыцьцё. Чульлівасьць - добрая якасьць, але гэтаксама празьмерная чульлівасьць - істотны недахоп, яна дрэнна ўплывае на нэрвовую сыстэму. Мяне ў дзяцінстве нездарова дзяўбнулі па нэрвах такія рэчы як:
1) "Чучело-мяучело" (прыз таму, хто перакладзе на беларускую прыгажэй, чымся "Пудзіла-мяўдзіла" ці нешта накшталт). Мульцік пра чорнае кацятка, якое хоча дапамагчы пралетарыяту вясёлай песьняй і маючы прыродную нязграбнасьць (зусім як Ліра) толькі замінае ўсім, і яго са злосьцю ганяюць. Урэшце коцік сьпявае сумную песьню і плача. Аптымістычны фінал катарсысу не стварае. У чым мая праблема, вы, мажліва, здагадаліся: прыняўшы ў дзяцінстве сей опус занадта блізка да сэрца, я дагэтуль траўмаваная і пачынаю плакаць ня толькі, калі гляджу мульцік, але й калі пра яго распавядаю. Шторазу.
2) Ня памятаю назвы, але мульцік пра тое, як гарэзьлівыя дзеці ў гульні паламалі хатнія віючыя званочкі, якія ляжалі на падлозе і плакалі. Блін, я не магу з гэтага проста. Ці варта казаць, што званочкі ў мяне ўлюбёныя кветкі, што на што наклалася - ня ведаю.
3) Знакаміты польскі мульцік пра крата і кропельку: крот знайшоў кроплю, сябраваў зь ёй, гуляўся і радаваўся, пакуль яна ня ўпала і не разьбілася. Яна ж кропля! З гэтага мульціка траўмавалася ня толькі я, але і мая сястра - яна яго проста не трывала, хаця псыхіка ў яе на дзіва здаровая была і ёсьць. У адрозьненьне.
4) "Я малюю чырвоны лес" (яго так і трансьлявалі ў "Калыханцы" па-беларуску, у дабраслаўныя 91-94 гг). Там такі лялечны белы Каток у бэрэціку, які маляваў чырвоны бор, а яшчэ Ліску, але яна зь сябрамі Ваўком і Зайцом яго асьмяяла, і коцік пайшоў сумны адзін. Зноў-такі, шчасьлівы фінал не лекаваў нанесенай душэўнай раны. Мне проста дзіка баліць, калі крыўдзяць кранальных і добрых герояў, ня ведаю, што і рабіць. Падзі патлумач, што яны проста выдуманыя мульцяшкі і нічога насамрэч ня вартыя. Розумам разумею, а нэўтроны не ўзнаўляюцца.
5) Мой улюбёны - "Брэменскія музыкі". З гэтым я зусім загіблая. Румзала ў дзяцінстве нязьменна пад сэрэнаду Трубадура (і вось скажыце мне дарэчы, які нафіг Трубадур! Trovatore - "шукальнік" - гэта ў Італіі, пра яго нават опэра Вэрдінькі ёсьць. А нямецкі і Вагнэраўскі аналяг зваўся "мэнэзынгэр" ці "мэйстэрзынгэр"). А цяпер я румзаю нязьменна ад пачатку першай сэрыі і да канца другой. Няспынна. Усе 39 мінут. Нармалёва так?! Бо песьні надта кранальныя. Вядома ж, маралі ў мульце ніякай: каралеўская дачка адмаўляецца ад дабротаў і камфору і бяжыць зь першым трапленым жабрацкім музыкам пакутваць ад голаду і холаду, бессардэчна ігнаруючы ўласнага бацьку, які і так самотны. І куча непрывітых напаўшалёных зьвяроў сьпяць зь імі ў адным возе... І потым скардзяцца, што добрыя дзяўчынкі ад нуды хочуць чагосьці экстрэмальна-рамантычаскага, блін.
Зусім не даспадобы былі мне зьдзекі з Ваўка ў "Ну, пачакай" (аналягічна "Том і Джэры" і да іх падобныя), ваўкі з тых часоў у мяне ўлюбёныя жывёлы, як і коцікі.
А мульцік пра гультаяватага Кажана мне падабаўся. Яго таксама па-беларуску паказвалі, хаця цяпер яго такім не знайсьці. Я сябе ідэнтыфікавала зь героем: "ну і што, што мяне не прымае грамадзтва. затое я адзін, і ні да каго не падобны". Кажан усьміхаўся ў канцы годна так - ніякага румзаньня! Глядзіце і асалоджвайцеся, ён не траўмуе.

Нібыта і фігня, але ня ведаю, як мне дзёўбаную расчуленасьць перамагчы. Мяне празь яе нават неяк тп абазвалі. А я ўжо столькі ўсяго перамагла!..
Шкадаваць мяне ня трэба, але калі ёсьць што параіць - калі ласка. А то псыхолягі не дапамагаюць.
pianoforte
Працягваю справаздачу маіх музычных спробаў у розных жанрах. Пачатак тут: http://ifighenia.livejournal.com/68263.html
6) Adesso tu (Эрас Рамаццоцьці): https://www.youtube.com/watch?v=PoUaVxQ1XVc
7) La canzone di Marinella (вялікі генуэзец Фабрыцыё дэ Андрэ): https://www.youtube.com/watch?v=Lpj8FjysCpc
8) Сонца і аблокі (МРОЯ): https://www.youtube.com/watch?v=_zN-H6Ao7FE /пра песьню тут/
9) Ода да морквы (кавэр італійскай сьпявачкі Элізы, сумесны тэкст з цудоўнай Лунай, напамін пра вельмі далёкія цяпер часы 5-гадовае даўніны): https://www.youtube.com/watch?v=UBa0aXDkybg
10) Сказка (КІНО): https://www.youtube.com/watch?v=4-zfVmpqyXk

Здараецца

lau
Замалёўка ў стылі модэрн са згадкамі пра раман у тым жа стылі (не-не, там ніякі ня пост-)
Усё болей разумею фінал майго ўлюбёнага Бахарэвічавага твора: герой, замучаны грамадзтвам і рэальнасьцю (гл.карцінку ўнізе), пакрысе выкрэсьлівае адно за адным імёны людзей, што яго атачаюць. Вось так часам хочацца выкрасьліць некаторыя ўчынкі і/або некаторых людзей з уласнага жыцьця (адно з другім, вядома, узаемазьвязана: без пэўных учынкаў не было б пэўных людзей). Хаця гэта няслушна: жыцьцё - не кампутарная гульня, дый ня можа там быць толькі кветак на зялёных палетках, а і ўсякага, што гэтыя кветкі ўгнаяе, выбачайце. Але ж фінал прыгадваецца, а яшчэ кажуць, нібы фіналы Бахарэвічу не ўдаюцца (чыста драматургічна, быць можа, так: скамячаныя, бы кадэнцыя ў Killer Queen).
Бывае, што ўсё ня так, як здаецца, або - ня так, як здавалася. Позна даходзіць. Табе здаецца, нібы цябе разумеюць і ў цябе з чалавекам дасканалая сынтанія, ці як там па-людзку? Ён тым часам думае зусім пра іншае і ўспрымае цябе інакш. Здараецца наадварот - ніякай рамантыкі, адна спрэс праўда. Не разумеюць тваіх дзівотаў, тваіх творчых парываў. Здавалася б, крыўдна, але тут згадваецца першы прыклад ды фінал вышэй памянёнага раману. Хай мы зусім не падобныя і хай творчасьць плыве некуды сама сабе. Але затое - праўдзівае. Затое - каханьне.
/Завеса/
r0_t40uwcPo

Дзікія ідэі

germoglio
/Вядома ж, Ліра - дзікі чалавек, таму і ідэі ў яе адпаведныя/
Раней я лічыла, што характар фармуецца цягам жыцьця пад уплывам бацькоў і асяродзьдзя. Не, пардон, так, здаецца, лічаць псыхолягі. Такім чынам за нашыя няўдачы і памылкі, а то і злачынствы адказнае мусібыць атачэньне.
Але штось апошнім часам пачала лічыць, што мы ўсе нараджаемся з пэўным характарам, а ўсё астатняе накладаецца ўжо на гатовы прадукт.
Цяпер гэтае перакананьне дапамагае прыняць дадзенасьць і непазьбежнасьць сябе. Зрэшты, я мяне люблю і заўжды любіла. Нават калі злуюся на сябе або раблю ня надта годныя ўчынкі...
А наступная мая думка (перачытваў пэйджар, ага... Ліра-траглядыт) тычыцца сну. Як нядаўна паказвалі ў тутэйшай тэлепедарачы, патрэба ў сьне ў кожнага індывідуальная і абумоўленая нашым DNA; то бок - таксама прыроджаная. Зь цягам часу, дадаў муж, патрэба ў сьне зьніжаецца, і старыя сьпяць па 4 гадзіны ў дзень. У мяне гэта выклікала і скепсіс, і надзею: мне ад прыроды патрэбна - у ідэале - гадзін 14 сну, але можа хоць на пэнсыі пажыву рэальным жыцьцём (пэнсыі? якая пэнсыя, я ж нават не працую). І неяк пасьля той гутаркі я прачнулася з моцным болем у шыі, і мучылася амаль 2 дні. Вось яно што, апынаецца! Цяпер зразумела, чаму ў іх зьніжаецца патрэба ў сьне. Яшчэ б, скруцяць тое-гэтае, і жыць ня хочацца, ну яго нафіг, такі сон з усімі гэнымі залатымі сьненьнямі!..
Учора ж, чарговы раз перабіраючы ўласныя жыцьцёвыя пэрыяды, дапяла, што няўтульны і напаўдэпрэсыўны пэрыяд адаптацыі, які, верагодна, бывае ва ўсіх, у мяне доўжыцца 2 гады і тычыцца не пераездаў нейкіх (хаця яны ідуць у сувязі), а жыцьцёвых этапаў, такіх, як падлецтва і сталасьць. Прычым надыход таго і другога (асабліва другога) індывідуальны. Першая адаптацыя (адаптацыя - заўжды паршывенькі пэрыяд), то бок унутраная падрыхтоўка да падлеткавага ўзросту з пачатковым татальным непрыманьнем яго, напаткала мяне ў 96-97 гг.; друая - у 11-12. І ўсё дабрабытна скончылася! У сэнсе, наступную адаптацыю (да старасьці) мне яшчэ чакаць і чакаць! Ну ці не цудоўна?

Калі што - гэтыя запісы насамрэч без прэтэнзій на нешта і разумных філязофстваваньняў, затое з добрай доляй легкадумнасьці й банальнасьці. Хай сабе.

Яшчэ спроба перакладу

campan
Сябры! Тут http://ifighenia.livejournal.com/67069.html я ужо спрабавала перакладаць песьню з майго ўлюбёнага мульціка пра Брэменскіх музыкаў. Хочацца яшчэ і сэрэнаду Трубадура адтуль перакласьці, але варыянт атрымліваецца нейкі сыры і амаль сьцёбны. Можа параіце як перарабіць? Вось такі тэксьцік выйшаў:
1) Згас ясны промень сонца
На шарым сконе дня
І паміж намі хтосьці
Мур непралазны ўзьняў

пр.: Пройдзе ноч, настане раньне сьветлае
Ведай, шчасьце нас чакае
Пройдзе ноч, міне пара няветлая,
Сонца ўзыйдзе

2) Больш не сьпяваюць птушкі
Зоркі зіхцяць з-за дрэў
І ў час тугі і смутку
Ты мой пачуеш сьпеў?
Ліра
Справаздача маіх музычных спробаў у розных жанрах. Найбольш цікавыя для вас - ад Ліры.

1) Michelle (Бітлз): https://www.youtube.com/watch?v=igoc_pa5MCs
2) Nevermore (Кўін) https://www.youtube.com/watch?v=6ZG5BnkVo9o
3) Angeli (Васко Россі, і няхай ніхто ня ведае, што за ён) https://www.youtube.com/watch?v=GDFx_F6ASrZ
4) Італійскі /перакладзены/ варыянт "Музыкі хваляў" (Кіно). Асьцярожна, тут Ліра нешта мармоча https://www.youtube.com/watch?v=o9eX324Cumc
5) Беларускі варыянт "Zawsze tam gdzie ty" (Лэді панк). Тое самае, нешта напявае Ліра https://www.youtube.com/watch?v=t73yLi_CWxE

працяг будзе

Фашызм, халера!

dolorsangue
Нягледзячы на мой прынцып не выкладаць сюды злабадзённых палітычных думак, ня стрымаюся і выкажуся.
Пазыцыю маю, зрэшты, вы і так ведаеце. Але ня кожны ўяўляе, колькі злосьці й нянавісьці ў мяне да брыды, што чыніць расейскае халуўё на чале з путлерам. Як я іх ненавіджу! Я проста не магу перадаць сваіх эмоцый. Ненавіджу іхную подласьць, невуцтва, нездаровую любоў да гвалту і пачуцьцё ўласнай - сілавой - перавагі.
Выдатны артыкул быў перапошчаны ў Ірынкі (znikla) http://znikla.livejournal.com/143767.html, пра тое, як поскудзьдзе падмяняе паняткі, называючы рэчы няслушнымі словамі.
Пачнем з таго, што інтэлігентныя людзі (а ў Эўропе - усе людзі) і так ведаюць: фашызм - гэта італійскі рух на чале з Мусаліні, а пасьля і ягоны ж дыктатарскі рэжым у роднай Італіі. Тыя немцы-гітлераўцы, што "вероломно напалі", былі нацыстамі (нацыянал-сацыялістамі) паводле палітычнай ідэалёгіі. Расейскія гора-тэрмінолягі звыкла пакалечылі іноземные слова, і ў іхнай вікіпэдыі мы маем "фашызм-обобшчённое названіе". Ну калі купка невукаў нешта абагульніла, гэта яшчэ нічога ня значыць. Хаця ідэалёгіі адна ў адну, улічваючы, што Гітлер зь сябрука Беніто скапіяваў з дакладнасьцю да старажытнарымскага вітаньня. Але! Фашызм-нацызм, значыцца, адна рэдзька, а вось камунізм - гэта ж зусім з іншае опэры! Дарма, што ніхто зь іх ніводнай опэры ў жыцьці ня слухаў, а хіба глядзеў мярзотненькі сэрыял з псэўдафранцузкім назовам "опэрА". Бл..дзь, ды ваш дзёўбаны "камунізм" - зло куды большае за ўсе обобшчённые фашызмы ўзятыя разам. Дэбілы. Яны, ці бачыш, "прісоедінів крым добавілі хромосому к днк страны", краіна даўнаў.
Добра, што я зьехала ўсё ж. Бо, як я зразумела зь сяброўскіх запісаў, у роднай старонцы падзяліліся нават родзічы. Але ня гэта самае страшнае, самае страшнае - табе там не дазваляюць ненавідзець. Ты ня маеш такога права. Ты мусіш задавальняцца і ўхваляць, ці хаця б - маўчаць "у анучу". Тут я зразумела, якая радасьць - разьняволіцца, прачуць наноў усё тваё жыцьцё - але напоўніцу, з усімі пачуцьцямі, якія раней упарта задушваліся... (гэта я ўжо ад тэмы адхіляюся, калі што).
Бедныя мае сябры. Трымайцеся разам у няпростым змаганьні. Вас мала супраць іх усіх. Але вы - сапраўдныя. Хлусьня згіне, рана ці позна. Імпэрыя сама сябе загубіць. Варта толькі зірнуць на іх саміх http://www.eatliver.com/slavsquat/ хаця б тут. Калі-небудзь, на месцы іх і насамрэч уздымецца акіян мрояў.
germoglio
Вясна ў нас у распале! Чаго толькі не квітнее, і хадзіць далёка ня трэ.
Бдізкі шпацыр на поўгадзіны - і столькі радасьці...
глядзецьCollapse )
Ці ня прыгажосьць ёсьць адным з найбольш верагодных унівэрсальных сэнсаў жыцьця?

Пра шакалядкі

pino t
Люблю шакаляд! А хто ж яго ня любіць, кажаце?
Бабуля распавядала, што я ў год ужо ведала, у якой шафе ляжыць плітка "Алёнка" і тыцкала пальчыкам на шафу, маўляў, дай.
Хаця ў дзяцінстве нячаста мне шакаляду перападала - памятаю, як бацькі куплялі раз на тыдзень адзін батончык "Натс" ці "Снікерс" на чацьвярых. Нам, дзецям, даставалася па "рогу", і было вельмі смачна. А неяк узялі "Баўнці", і мая малодшая сястра адмовілася есьці какос, абгрызла толькі шакаляд зьверху. Маці тады какос зьела ейны. Цікаўна, што ўрэшце менавіта "Баўнці" зрабілася ў яе ўлюбёным батончыкам.
А праз колькі год маці ўладкавалася прадавачкай на кірмашы /паколькі часова бракавала працы інжынэра, такі вось прафразьбег/, і тады раз на тыдзень бацькі езьдзілі ў Менск па тавар і прывозілі адтуль у дадатак некалькі найсмачнейшых цёмных шакалядак "Эліт" на зьядзеньне. Не шакаляд быў, а песьня! Тады ж зьявілася і, на жаль, зусім нядоўга праіснавала неверагодна смачнае марозіва "Асалода" (так і называлася, па-беларуску, і зроблена было, калі верыць этыкетцы, па італійскай тэхналёгіі). Цяпер гэтыя рэчы ніхто, пэўна, і ня памятае, але, калі што, справа была ў Лідзе ў 98-99 гадах (час "Нірван", "Продыж" і "Тытаніка").
Потым, ужо ў Менску, мае густы ў дачыненьні да шакаляду абмаляваліся яшчэ больш канкрэтна - нягледзячы на мой зараджальны нацыяналізм, я зусім не любіла "Камунаркі" ды "Спартакі". Найбольш смачным мне здаваўся шакаляд "Довэ", які выпускаў і аднайменныя крэмы ды гелі для душа. Дзіўна, але мне гэта нават не падавалася падазроным. Калі я пазьней апынулася ў Італіі, то зьдзівілся, што крэмы і гелі "Довэ" тут у наяўнасьці, а вось шакаляду такога нямашака.
Тады за яго няйманьнем мне падабаўся "Кіндэр-шакаляд", фанацела проста. А пасьля... густы мяняюцца, вось ужо і не купляю яго даўным-даўно. Бо ёсьць тут нашмат смачнейшы і, адчувальна, якасьнейшы (а то ж! тутэйшы!) шакаляд "Нові". Робяць яго ў невялікім мястэчку Нові Лігурэ, што, няцяжка здагадацца, у суседняй Лігурыі, на моры, і цягнік з Турына ў Геную заўжды спыняецца на тамтэйшай станцыі. Сур'ёзныя вытворцы, скаладаюць канкурэнцыю швэйцарцам. Карацей, трапіцца вам такі цуд -
глядзецьCollapse )
- пакаштуйце!
lau
"Сьпяваюць невядома навошта нейкія перайначаныя песенькі...", ну так вось па Ліры безумоўна плакаў КаВээН. Ня толькі таму, што ва ўнівэры ў яе было амплюа "клоўн-увесяліцель", а яшчэ й таму, што любіць яна розныя песенькі перакладаць ды пераробліваць. А раптам тут апынецца які-небудзь крэатыўны панк-гурт ды захоча пачарпнуць ідэйку? Дык вось ваам ідэек на выбар:
- на песьню "Get down make love" гурта Queen можна сьмела сьпяваць "Аміназін і прапазін" (а што гэта за слоўкі такія магічныя, скажыце мне вы)
- на "Paradise" ад Coldplay выдатна кладзецца такое: "Пара-пара-парадыт" (і так да пасіненьня)
- на Бітлоўскую "Please please me", у месцы, дзе яны пяюць "Come on, come on" няблага б пакласьці наш айчынны "Гамон-гамон" (ды й увогуле любы "кам он" спрытна замяняееца "гамонам", што больш адпавядае цяперашняму неспакойнаму часу)
- а вось адна дзіцячая песенька лепей прагучыць такім чынам: "А в Подмосковье водятся клещи" (ды іншая непрыемная навалач, улучна з пуціноідамі)
- іншая рэч - "Станцыя Паганская". Відавочна, адмыслова зробленая для паганых акупантаў.
Яшчэ добры спосаб перайначваць песенькі - скрыжоўваньне словаў адной з музыкай іншай песьні. Так, напрыклад, на мэлёдыю раманса "Я встретіл вас і всё былое" цалкам кладзецца і "Не пробуждай воспомінаній", і "Не уході побудь со мною". На хабанэру Кармэн (тая, што пра крыльлі пташкі) ідзе сугучная "Сіняя птіца" Макарэвіча і кампаніі (нават арніталягічную тэму мяняць ня трэба). Ну і ні для каго не сакрэт, што гімн БНР пра "шчыльнымі радамі" цалкам узаемазаменны з Інтэрнацыяналам, пракляцьцем закляймёным (які, да слова, музыканцікі любяць граць адначасова з Чыжыкам, вось і такія напластаваньні).
Вядома, некаторыя беларускія выканаўцы таксама займаліся цікавым перайначваньнем. Нумар адзін - Віктар Шалкевіч (узгадаем ягоную "Ёлачку" і "Не кусай ты мяне"), а вось ягоны цёзка Лупасін склаў псэўданародную рэч пад назвай "Тры мянты каталіся на чырвоным ровары" (якая мэлядычна перагукаецца з "Ой рэчанька рэчанька" і выдатна кладзецца на яе).
У заключэньні (на сёньня) падкіну ідэйку засьпяваць саўковы прапагандысцкі гіт пра "Жіть стало лучше, жіть стало веселей" (хто ня памятае мэлёдыі - яна ёсьць у крамольным мульціку пра фэрму https://www.youtube.com/watch?v=HFBVO2pB-I4) на словы Нэўра-дзюбельскага "Выпьем за бля буду, за буду бля". Гэтак больш жыцьцёва атрымаецца.
evviva
Думаю, тут ужо даўно ўсе ў курсе, які ў мяне ўлюбёны мульцік! Дык вось, даўно ўжо ўзьнікла перакласьці зь яго песьні. І чамусь пачаліся гэтыя спробы з сэрэнады Трубадура на італійскую. Дагэтуль не магу адладзіць вынік працы да задавальняючага, таму вось публікую сьвяжэйшы пераклад на беларускую знакамітай песьні музыканцікаў са слаўнага Брэмена!
1) Нам, сябрам, няма нічога лепей
Чымся падарожнічаць па сьвеце
Разам, дружа, зломім ўсе трывогі
Нам любыя любыя дарогі (2 р)
2) Песьняй навакольле мы абудзім
Сьмех і радасьць мы нясем у людзі
Бо муры палацаў аніколі
Не заменяць нам жаданай волі (2 р.)
3) Дыванамі нам лугі званочкаў
Дрэвы-сьцены злыдням засьцяць вочы
Дах для нас блакітныя нябёсы
І за гэта шчасна дзячым лёсу
Мы за гэта шчасна дзячым лёсу


/пераклад Лау Ліры/
/паслухаць у выкананьні той самай Ліры тут (аўтар выбачаецца за якасьць сьпеву)/
/прапаноўваю гэты твор усім музЫкам на вольнае выкананьне (з пажаданьнямі ўмець сьпяваць і згадваць аўтарку перакладу:)/

Вясна ў горадзе

papavero
Гэтым годам яшчэ раней, ужо зь першых дзён сакавіка, расквітнелі дрэўкі. Прыгажосьць!
Ніжэй, каму, цікава, глядзіце, штО ў нас цьвіце (фота двухгадовай даўніны, але расьлінкі тыя самыя!)
глядзець квітнеючую прыгажосьцьCollapse )

Tags:

Кіношнае

Ліра
Гэтым разам не пра гурт, а пра тое, як нашыя італьяні выйгралі "Оскар". Я асабліва ніколі гэнай малімоніяй не захаплялася, што-нішто паглядала. І цяпер вось, праз 15 год пасьля Бэніньі зноў італійскі фільм на вяршыні - дробязь, а прыемна.
"Вялікую прыгажосьць" у нас трансьлявалі наступным днём пасьля ўручэньня, і кіно сабрала рэкорд праглядаў у краіне. Што дзіўна, бо фільм складаны. Асабліва для такіх як я - таму што пратаганіст гаворыць з нэапалітанскім акцэнтам, ды яшчэ і хутка, і я месцамі тупа не пасьпявала дэшыфраваць. Цікава, як яны яго на расейскую пераклалі (як-як, як звычайна, не зважаючы на тонкасьці, нябось - дарэчы, менавіта па прычыне неперакладнасьці дыялектаў і неперадаваемасьці акцэнтаў большасьць італійскіх камэдый абсалютна недасягальная для замежнага гледача). У цэлым фільм, нягледзячы на дробныя недапаразуменьні, спадабаўся, а фінальны саўндтрэк нават уразіў. Якасны. Хаця кіно ўсё ж на любіцеля. Неблагая рэцэнзія на яго знайшлася тут
http://kinotom.com/recenziya-na-film-velikaya-krasota-la-grande-bellezza.html. Пагаджаюся амаль цалкам. Але што я вам распавядаю, лепей адзін раз убачыць!
Астатніх фільмаў не давялося пакуль пабачыць, калі ёсьць што параіць, дарагія сябры, пішыце камэнты. А таксама дзяліцеся вашымі ўражаньнямі ад фільма-пераможцы.
А вось у фэйзбуку пазьдзекваліся зь беднага Леанарда. Маўляў, "сюды б я паставіў свой Оскар. Калі б ён у мяне быў". Хаха. Вельмі сьмешна. Я ўсё-ткі лічу, што афіцыёзныя ўзнагароды не паказчык, і Лео выдатны годны актор, на ігру якога мне асабіста заўжды прыемна паглядзець
. /Ну, калі не лічыць задзяўбалага ўсіх "Тытаніка", які адначасова з бразыльскім сэрыялам "Наша зямля" ішоў, і тыя ж матывы (амаль), і той жа белы параход... Карацей, поўная параза маіх бедных думак.../
germoglio
/Уступ не па тэме: як вы маглі заўважыць, у дадзеным джорнале адмыслова адсутнічаюць запісы на актуаліі ды падрабязныя жыцьцесправаздачы. Такая ўжо была задума/

Нічога ня маю супраць згушчонкі - тлустай, перасалоджанай, якую есьці напрост з бляшанкі самая смаката. Але ёсьцека тут ачмурэнная рэч, што дасьць фору любой згушчонцы і нават, магчыма, нутэлле. Называецца гэты цуд  "крэма пастычэра" (crema pasticcera), як перакладаецца ня ведаю і ведаць не асабліва хачу. І вось нарэшце я паспрабавала згатаваць смачную крэму сама, пра што вам тут і распавядаю.
Вам спатрэбяцца: 250 мл. малака (я ўжывала 200), 2 яешныя жаўткі, 50 гр. цукру (лепей меней, хто ня любіць засалодкае), 15 гр. мукі і 250 гр. белага чакадяду (я ўжывала 200) на 500 грам крэмы. Напачатку парэжце чакаляд на кавалкі (якія атрымаюцца, каб не завялікія) і пастаўце грэцца малако на слабым вагні. Падрыхтуйце тым часам жаўткі і ўзьбіце іх з цукрам, падсыпаючы пакрысе муку. Потым дадайце малако (цёплае). Аднароднуб сумесь пераліце ў рондлік і 20 мінут памешвайце на слабым вагні, пакуль не загусьцее. Пад канец дадайце белы чакаляд і памешвайце пакуль ён цалкам не растане. Калі крыху састыне, пакладзіце ў лядоўню (трымайце закрытай накрыўкай). Можна есьці асобна або намазваць на булку. Я на адмысловае печыва намазвала і з кавай цудоўна й задавольнена паядала. 400 грам атрыманай крэмы мне хапіла ці не на 2 тыдні.
Хто паспрабуе - дзяліцеся, калі ласка, вопытам. Арыгінальны рэцэпт (калі што) тут: http://ricette.giallozafferano.it/Crema-pasticcera-al-cioccolato-bianco.html

Цяжкасьці з націскамі

scarpe
Таксама гляджу алімпіядку. Не фанатычна, а так, што трапіцца - зірну з прыемнасьцю. Раней, у Беларусі яшчэ, глядзела зь вялізнай цікавасьцю спорт, зімовы асабліва (ня лічачы ўлюбёных мужчынскага футбола і жаночага тэнісу). Падабаліся найбольш скокі з трампліну, а яшчэ слалам ды іншы гарналыжны спорт, фігурнае коўзаньне, скелетон усякі ну і вядома ж, біятлён. Тады яшчэ канал Эўраспорт быў. Цяпер не сяджу прывязаная да тэлеку, і Эўраспорта ды Эўраньюз нават тут, прыкіньце, няма. Ці то яны платныя, хто ведае. Добра, што хоць адзін канал знайшоў сумленьня паказаць алімпіяду.
Вядома ж, я рада за нашых спартовак (спартоўцы можа яшчэ парадуюць потым?), але напішу я не пра іх (колькі ўжо пра іх народ і так піша), а пра нягеглае вымаўленьне прозьвішчаў спартоўцаў тутэйшымі (італійскімі) камэнтатарамі.
Як бы ні стаяў націск у беларускім або расейскім ці ўкраінскім прозьвішчы, можна быць пэўнымі, што італкамэнтатар яго прачытае няправільна. Вось толькі некаторыя з прыкладаў: ДомрАчева, СкАрдіно, ДемчЕнко, ПлюшЕнко, Ягудін. Расеец Смышляеў для іх гучыць як СмІзьляев. Жаночыя прозьвішчы з канчаткам -ова вымаўляюцца чамусь з націскам на гэтае "о": ШапапОва, МакарОва, БазарОва. Але пры гэтым чамусьці ІвАнова ды  БельЯкова. Ды і назву месца правядзеньня гульняў яны завуць "КразнАя польяна".
Наш клюб Батэ італійцы таксама звалі "БАтэ БОрізов". Ну што ты зь імі паробіш?
Вядома ж, ніхто не адмяняў і адваротных ляпаў, такіх як КальЯрі, БергАмо, ТарАнто, ПаОло, ЧезАре ды шмат якіх іншых, а таксама гэтай жахлівай асыміляцыі, пры якой імёны "Сандро" і "Сандра" вымаўляюцца аднолькава, што італійцаў вельмі абражае. Яшчэ б, мужчынскае імя вымавіць як жаночае, гэта ж пі..., прабачце, нейкае. Дарма што у расейскай пфедерацыі ўсе спрэс гомафобы. Можа папросту помсьцяць ім падступныя італійцы?
Паболей бы камунікацыі, здаровай, а не шавінісцкай, паміж народамі, вось і націскавыя недарэчнасьці пазьнікалі б. Праўда-праўда.

...

lau
Няма таго, што раньш было. Пісала раней усялякія глыбокадумныя пасты, з усялякімі рэфлексІямі ды іншымі сама- і ўзаемакорпаньнямі. А цяпер - усё больш лёгкасьці, паверхні. Пры гэтым, верыце або не, рэфлексІі мае толькі павырасталі і ўтульна коўзаюцца ўнутры, 24 гадзіны на содні. Бо ёсьць у мяне гэткае падазрэньне, што мозаг у Ліры нават падчас сну не адключаецца, як належыць, а варушыць сабе зьвіліны пры цалкам паралізаваным целе. Яно можа спаць хоць 12, хоць 14, хоць сто гадзін - а ўсё пустое. Хаця не, апошнім часам акурат навучыўся - ці амаль - расслабляцца, калі не лічыць гронак вычварных насычаных сьненьняў пад раніцу апоўдні.
Шкадаваць няма аб чым. Хто тут постмадэрніст? Гэта я цытатамі кідаюся? Перачытваю раньняга Б. Вось ад каго душу прыемна шчыміць. А яшчэ - ад песень Вольскага і кампаніі, гурта "Кіно" і Р.Г. Ад фільмаў перабудовы - ня ўсіх, але трох і вельмі моцна. Ад мульцікаў пра брэменскіх музыкаў. Але пра ўсё гэта тутака ўжо напісана. Рэч у тым, што чамусьці зьнікла жаданьне дзяліцца пачуцьцямі і перажываньнямі ўнутры мяне. Ня тое, каб гэта было камусь цікава. А калі й было, то цяпер ужо наўрад ці. Да таго ж, некаторыя зь нешматлікіх людзей, якія чытаюць сей джорнал, прымаюць паверхню за глыбіню і момантавасьць за пэрманэнтнасьць, карацей - крывяць рэальную карціну. І потым раюць не замарочвацца натуральна /хаця й запозьнена/ насьпелай праблемай сталеньня, а вярнуцца ў дзяцінства, і няхай яно, бесклапотнае і непасрэднае, у дупе йграе да старасьці!
Сябры, калі хто адолеў дачытаць дасюль і хоць што зразумеў з такой вось няўцямшчыны, патлумачце мне, што кепскага ў сталеньні. Калі адкінуць несур'ёзныя стэрэатыпы пра "зануднасьць" і пасрэднасьць. І ці можа чалавек, перастаўшы нават паводзіць сябе як неразумне дзіцё без тармазоў або як клоўн-увесяліцель на халяву, не зрабіцца пры гэтым "нецікавым". У нас нават рэкляма такая ёсьць - "diventare grande può essere divertente".
Але рэч насамрэч нават ня ў тым. Проста дзіцё - ня ў стане зразумець сутнасьць жыцьця, яно можа адчуць інтуітыўна. Хочацца разуменьня, але такога каб з інтуітыўным адчуваньнем. Трызьненьне нейкае, праўда? Зусім нядурна піша спн. http://olkan.livejournal.com/profile - чытаць ейныя разважаньні адно задавальнене. Яшчэ я чытаю тут дзёньнікі некаторых цікавых мне па розных прычынах людзей ад пачатку запісаў. Адчуваньні часам дзіўныя, і нават крыху няёмка, нібы я без дазвола лезу ў чужое асабістае жыцьцё. Была ў дзяцінстве такая дурная манэра. А цяпер, жывучы ў краіне зацыкленай на прайвасі, сама такой пакрысе раблюся.
Насамрэч мне добра. Пэрыяд адаптацыі канчаткова прайшоў, і пачынаю сьвядома цаніць тое, што маеш і чаго не мела і ніяк не магла атрымаць на Радзіме. Аднабокасьці няма, разуменьня ўсё более. Атрымліваецца нават быць расслабленай і задаволенай (не як тая сьвіньня з прымаўкі). А нярэдка бываю злосная, поўная нянавісьці да тупых рэклям, да бессаромных палітыкаў, да ўласнай нязграбнасьці і крыварукасьці. Да ўласнай бязьдзейнасьці, запушчанасьці і дурнога характару. Але я мяне люблю. І Ліру люблю. І прымаю ўсё як ёсьць. Я не абавязана быць заўжды шчасьлівай і лыбіцца. Сапраўднае шчасьце - ня ёсьць трывалым станам. І я не хачу быць пастаянна шчасьлівай. Хачу асалоджвацца разнастайнасьцю жыцьця. Яно поўнае сюрпрызаў. Можна любіць іх або не, але ўсім цікава, што будзе далей.
Да чаго я ўсю гэтую куламесу разьвяла. Мяркую, тут будзе ўсё менш "удумлівых" запісаў і паболей лёгенькай трэшанінкі ды побытавага рэалізму. Але не пужайцеся, я па-ранейшаму кепская гаспадыня і не зрабілася фанатычнай да пачварства мамашай. І хаця я па-ранейшаму ненавіджу кулінарныя перадачы ды пасты, наступны запіс будзе-такі пра ачмурэнна смачную рэч. Чакайма, каму цікава!

ГадЫ ідуць, гАды!..

chuchelo
... а панталыку - мала. Не пачуваюся на свой узрост, новазьяўная лічба здаецца нейкай гіпэрбалай з камічным адценьнем. Як, хіба мне не 14? Не 17? І нават не 19? А далей - болей. Але... хай сабе й болей, абы лепш. Нават не, лепшае - вораг добрага, таму няхай проста будзе добра. Заўжды. А калі будзе сумна і дэпрэсна - то адно таму, што я жадацьму гэтак пачувацца. Тыпа, я шчасьлівая сваёй прыгнечанасьцю (але няхай яно не зацягвае і не зацягваецца). Карацей, галоўнае - стан душы, а засмучанасьць - душы (як тое паўстаньне касінэраў).
...Collapse )

Калядна-навагодняе

Ліра
Пэрыяд пераходны ў мяне. Не хачу ніякіх справаздачаў пісаць. Цяпер увесь час прысьвечаны спробе зразумець і, галоўнае, адчуць жыцьцё, і пры гэтым каб выяўленьне знойдзенага не патыхала пашляцінай. Ну вось, скажаце, ва ўсіх сьвяточны настрой, а яна нам пра пашляціну, цьху, якая брыда!..
Не, сьвятаў таксама адзначылі, а як жа ж! Вось і фотак павешу на'т, няхай будуць сабе.
А ўвогуле, сябры, няхай у жыцьці ў вас атрымліваецца ўсё натуральна, бяз гвалту, гладзенька й з прыемнасьцю катаньня зь ледзяной горкі! Калі хто-кольвек, вядома ж, з'інтуяваў, аб чым я.
І няхай у мяне нарэшце атрымаецца яно, самае цяжкае: сталеньне. Падкажыце, калі хто праходзіў гэта, падмажыце.

IMG_5275
/Гэта наша сьціплая яліна і нясьціплая колькасьць рознага бухла пад ёю. Не перажывайце, выпілі мы зусім мала, амаль усё пазаставалася. Так што заходзьце ў госьці, як будзе жаданьне/
глядзець яшчэ фотакCollapse )

Tags:

Хвост Жар-птушкі

va pensiero
Напярэдадні Калядаў надвор'е і ў роднай-далёкай Беларусі ня радуе чарадзейным сьнегам, а ў нас тутака і пагатоў.
Але вось нядаўна такое немавед што зьявілася ў небе, ніякага фаташопу:
глядзецьCollapse )
Ну рыхтык Жар-птушкі хвост! 
chuchelo
Вось як быць з такой карыснай хатняю прыладай, як "пыласос"? Абазваць яго пыласмокам? А як тады ўтвараць дзеяслоў ад яго, пыласмочыць, ці што? Наогул, словы з часткай "сос" (ня той, які ў Аббы) у складзе як перакладацьмем? У каго ёсьць ідэі, а то я ў замяшаньні шторазу, калі гэтую самую прыладу зь цёмнай каморы выцягваю. А пакуль што наракаю яго пылацмокам, так дакладна весялей. 

Сьвяточны настрой

gelidu
Нягледзячы на маю прыродную /аж занадтную/ чуйнасьць ды эмацыйнасьць, здаўна нічога не адчувала пад Каляды, ані цуда, ані сьвята. Што да НГ, традыцыйна запівалі й запявалі яго зь сябрамі, але вось менавіта сакавітага прадчуваньня не было з маіх 13 гадоў, больш за палову ўсяго жыцьця. Пры тым заўжды так карцела чагосьці такога, у паветры. Звышсэнсорыкі (мой тэрмін, ня красьці!) прадкаляднай.
І вось нарэшце нештачка абуджаецца ў пачуцьцях! Дзіўна напластоўваюцца абрыўкі ўсіх папярэдніх гадоў зь іх беспасьпяховымі высілкамі, з абрыўкамі нейкіх тэматычных фільмаў, з жывой атмасфэрай колішніх месцаў, у якія даўно няма вяртаньня. Або пазьнейшае: адламаная (акуратненька, з выбачэньнямі) галінка дваровай елкі, НРМ-скі альбом пра чарапахаў ("да-ста-ла!"), адчай і змрочнасьць у нязьменна слотным пярэдадні, злосныя твары на выхадзе з мэтро Пушкінская, бабкі з танным таварам на прыступках... Тады яшчэ гурт сапраўдны быў, а ня гэтае вычварэнства пад кіраўніцтвам безгалосага Сабакі-Паўлава. Усё так жвава паўстае, змушаючы аднойчы схаладнелае сэрца паскараць свой звыкла млявы рух. Што называецца, намаганьні калі-небудзь будуць узнагароджаныя. Колькасныя зьмены... (і д.п.т.)
Сёлета будуць і першыя каляды сыночка (шкада, ён іх ня ўспомніць, а можа ёсьць і такія асаблівыя людзі, якія помняць сябе да першага году жыцьця?). Абавязкова трэба ёлку, штучную, але неістотна. І набыць якіх прыемных дробязей - дзеля ўзмацненьня радаснага прадчуваньня. Трэба ж, тут ніякіх вам іроній лёсу ды заліўной рыбы, ні дыктатарскіх прамоваў ці што яшчэ яны там на беднай Радзіме паказваюць... Настальгія шчымліва-прыемная, а ня тая разьдзіраючая, як бывала. Паветра тут супэрскае, з Альп даходзіць, а то і ад Лігурыйскага мора. З гаўбца чуваць, хаця які там гаўбец, гэта ў нас тут аграмадная тэраса у здымнай мансардзе. Хаця мы не буржуі, наадварот, усё падлічваем тутэйшыя найкаштоўнейшыя грошыкі...
Вось і адмысловы дызайн у джорналіку ўсталявала. Няхай ён і ня вяжацца з ладнай часткай шызанутых ды бязглуздых маіх пастоў. Затое сьвяточна, і няхай сабе.
Людцы, стварайце сабе гумор, ён абавязкова ўтворыцца, не адразу - дык год праз 15 дакладна. А што нам усе гэтыя гадЫ (у маштабе быцьця)!.. Усё ж варта чакаць.
І надосталь - аптымістычная песенька ад Сашы і Сірожы.
слухаць!Collapse )

Дурныя вершыкі (ч.4)

Ліра
Вясёлыя дыялёгі (тэтралёгія)
3. Дыялёг з гопнікам
- Скажы-ка, гопнік, нездарма ж
"Цырульніка" сэвільскім клічуць?
- Цырульніка? Сыбірскім жа ж!
Пайду, на працу ў "ЛідСэльМаш"!

Дурныя вершыкі (ч.3)

scarpe
Вясёлыя дыялёгі (тэтралёгія)

3. Як кнігачытач музыказнаўцу сканфузіў
- Скажы мне, дружа, хто з'аўторыў
"Сэвільскага цырульніка", і разам зь ім
"Жаніцьбу Фігаро", бадай што?
- (...) /музыказнаўца ламае галаву/

Альпы

pino t
Лепей за горы - толькі мора (на маю думку). Але і горкі таксама прыгажосьць! Нядаўна быў тутака ў л.дж. рэпартажык пра, здаецца, Карпаты. І вось я падумала: як так, жывучы ў краіне гор ды мораў я яшчэ не запосьціла ніводнае ладнае фотасправаздачы. Выпраўляюся. Такім чынам, лавіце шыкоўныя Альпы (за акенцам ды з сонцам замест лямпы)
глядзець Альпы!Collapse )

Tags:

cucina
Выкладаю жартаўлівы гімн "англічанаў", прыдуманы (ну, ці перароблены) мной сумесна з цудоўнай Н. напачатку 2005 года. Сьпяваць належыць на "музыку" (паблажліва назавем гэтае убоства так) гімна РБ.

Мы - англічане, мірныя людзі
Сэрцам адданыя роднай зямлі
Шчыра сябруем (прынамсі, спрабуем)
Паліткарэктнасьцю славімся мы

(пр.):
Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя
Слаўся, народаў брытанскіх саюз
Наша любімая маці-радзіма
Вечна жыві і квітней, Грэйт БрытАн


Разам з лардамі ўсе грамадзяне
Дружна ў парлямэнце нашым сядзяць
Бог абароніць нас, англічанаў,
А каралева нам - родная маць!

(пр.)
Нас аб'яднала Чэрчыля імя
Нашы законы і наш гавэрмэнт
П'ем мы гарбату і вельмі рады, што
Мы, англічане, трымаем увесь сьвет!

(пр.)

Дурныя вершыкі (ч.2)

scarpe
Вясёлыя дыялёгі (тэтралёгія)
/працяг. пачатак: http://ifighenia.livejournal.com/61731.html/
2. Адказ кнігачытача ўсім надакучлівым музыказнаўцам
Які вам Чайкоўскі? То Пушкін, братове
Які яшчэ Мусар? То Пушкін ізноў
Які Рубінштэйн, то быў Лермантаў, людцы
Які вам Пракоф'еў - то Ўільям Шэксьпір

Ніякі ня Грыг то, а Ібсэн, спадарства
Ніякі ня Глюк жа, а грэцкі народ
Ніякі ня Вэрді, а зноў жа Шэксьпірчык
І не, не Бізэ, а Праспэр Мэрымэ

Зусім і ня Шубэрт, а Гётэ, вядома
Зусім і ня Моцарт, а то ж Бомаршэ
І што за Гуно гэта была такое?
То Гётэ (калі ж вы запомніце ўжэ?)

Руслана зь Людмілай быў аўтарам Пушкін
(Ніякі ня Глінка і не Парцалян)
А што да Стварэн(і)ньня сьвету, панове...
Хто знае. Няхай сабе будзе і Гайдн.

Дурныя вершыкі (ч.1)

germoglio
Калісьці была на сьвеце такая Норма Бэліні, крэмзала вершыкі карузлай лапкай у паўзруйнаваны блякнот, а "Ніва" (тады яшчэ наша) іх нават друкавала. Рабіць ім было нямашака. Норма ўжо гадоў зь пяць як затыкнулася незваротна, але ж няўмёрла яе дробная спраўка! І цяпер вось Ліра, прасоўваючыся па сьлядох той брэменскай музыканткі яшчэ далей у лес абсурдовага маразму, вырашыла сёе-тое крэмзануць. Сустракайма!

Вясёлыя дыялёгі (тэтралёгія)
1. Дыялёг з музыказнаўцам
Хто аўтар "Ромэо..."? Няслушна, Пракоф'еў.
Хто "Фаўста" аўтар? Няслушна, Гуно.
Хто аўтар "Анегіна"? Гэта ж Чайкоўскі.
Хто аўтар "Отэлло"? Ну Вэрді ж, а то!

Хто "Фігара" аўтар? Няслушна, бо Моцарт.
Хто аўтар "Пер Гюнта"? Няслушна, бо Грыг.
Хто аўтар "Барыса..."? То Мусаргскі, браце.
Хто аўтар "Руслана..."  То Глінка Міхал.

Хто аўтар "Салтана" То -Корсакаў (Рымскі)
Хто аўтар "Арфэя" Ну ведама, Глюк.
Хто аўтар "Кармэн"? Дык Бізэ ж, і ня трэба
Зьяўляцца разумным як дохтар навук!

Хто аўтар "Ляснога цара"? Гэта Шубэрт.

Хто "Дэмана" аўтар? Артур Рубінштэйн.
А хто ж тады аўтар "Стварэньня сьвету" (Бог, кажаце?)
Ведаю я: гэта Гайдн.

Родны кут

pino t

У мужа былі такія выказваньні наконт Беларусі:

  • Пад'езды ў вас ператварыліся ў прыбіральні для бпмж (калі б толькі для іх! - тут і далей курсіў Л.Л.) - няўжо людзям гэта не замінае?

  • Старыя дамы тынкуюць ды фарбуюць, каб схаваць іх унутранае ўбоства

  • Навокал бясконцыя будоўлі ўдзень і ўначы - каб паказаць усім велічныя уладараньні Дыктатара?

  • А Дыктатар сябе Прынцам пачувае (Макіявелеўскім)

  • Народ у мэтро як зомбі

  • Народ у мэтро тоўпіцца й ляціць наўпрост на цябе бы статак ашалелых авечак (і няпраўда, многія былі нават ветлівыя і прапаноўвалі ў лепшых традыцыях "ўзаемавыручкі" дапамогу ў ручной пераносцы вазка зь дзіцём. Але тым ня менш, глядзелі асуджальна: немаўлят няма чаго цягаць па мэтрах і цэнтрах, тут ніхто так ня робіць, усе нармальныя бацькі наварочваюць колы ў сваім квартале на пэрыфэрыі, што ж вы выпендрываецеся тады?)

  • Працаўніца мэтро з каменным тварам загадала ўзяць "дзіцёначка" на рукі. З такім фэйсам - і "дзіцёначка"?!

  • І што ж гэта яны ўсюды такія сур'ёзныя, бы на адказным вайсковым заданьні? (І пісаў жа нехта тут нядаўна пра тое, як беларусы годна не выскаляюцца зь незнаёмымі ды бяз дай прычыны. Вось на гэта я і спаслалася ў адказ. А ж і ў нас ніхто тут ня "скаліцца", а ўсё ж твары іншыя. Не такія... цэмэнтаваныя, ці што)

  • Хаця як народ беларусы, пэўна, лепшы за італійцаў (асабліва паўночных), яны гуманьнейшыя

  • З грашыма тут жыць - супэрскі. Адбудаваў свой катэдж, закаштуе ўдвая меней, сядзіш тамака, бы ў Брэсцкай крэпасьці, робіш, што хочаш; машыну вялікую трымаць нашмат таньней, ніякіх праблем з паркоўкай, шмат прасторы, а галоўнае - малалюдна паўсюль. Прыгажосьць! - Але ж сын мусіць у школу пайсьці ўрэшце. І куды хавацца ад тамтэйшай сыстэмы? - А што, у вас нямашака прыватных школ? А што, у вас італійскую ў школах не вывучаюць? (Ага. І яшчэ ўрокі гісторыі цікаўныя для вас былі б: "Італійцы - бяздарныя ваякі, яны былі саюзьнікамі Траістага зьвязу, а пад канец перакінуліся на бок Антанты, хітражопыя такія! Чамусьці ў іх гэта па-іншаму выкладаецца, дзіўна?)

  • Як так, у вас у хатах няма бідэ, пячорныя вы людзі?!

  • І чаму ў вас дзяцей апранаюць, бы на полюс, ды яшчэ і накрываюць цяжкімі коўдрамі, нават калі на вуліцы +30? (Мы гэтак сваё не апраналі, мо таму нават "на раёне" на нас глядзелі ваўкамі)

  • Ваша манэра есьці ўсё што трапіцца з чым трапіцца тлустае нездаровае айяйяй як агаламшае

  • А ўжо вашая манэра піць гарэлкі з настойкамі перад ежай ды кулём - зусім абяззбройвае (пры гэтым настойкі папіваў сабе, хай і пасьля ежы й па-віннаму - і нішцяк)

  • Як магчыма, што ў вас на вуліцах столькі алькаголікаў?! (Гэта нармальна, і п'яныя сьпевы пад вакном, і звон бутэлек аб тваё шкло, і...)

  • Чысьціня вуліц - падманная, бо людзі засьмечваюць бессаромна. А дворнікі гэта ўсё прыбіраюць рахмана (Вось бы наш "Аміат" сюды працаваць, дазналіся б, як выкабельвацца!.. І забіралі б сьмецьце штодня, і без падзелу, і без пагрозаў...)

  • Вам трэба паўстаць, як у Эгіпце і Тунісе (Яны ж удзячныя Дыктатару, што няма вайны, якое паўстаць)

  • Людзі ў вас жывуць вельмі кепска й нават не асьведамляюць.

Пэўна, гэтым Неасьведамленьне яны і шчасьлівыя.

фота ў ліфце мэтрАCollapse )


dolorsangue
Вось толькі некаторыя зь іх: шэдэўры альтэрнатыўнага гопнікам жанру.

- Knocking on heaven's door (Bob Dylan або Guns 'n roses, як каму больш да душы). Я доўга і ня ведала, што гэтая рэч распавядае аб прафкрызысу беднага паліцая міліцыянта на парозе сьмерці (?), але атмасфэрка ў песьні тая шчэ!..
- Mama said (Metallica). Песенька амэрыканскага "маммона" - цяпер зразумела, чыму яна так італійцам падабаецца!
- Мама, мы все сошлі с ума (Кіно). Драйвавая рэч!
- Bohemian rhapsody любага Фрэдзічкі. Такая бандзюжная балядка, адзін пачатак чаго варты: "Mama, i just killed a man", і ўсё гэта боскім голасам. Недарэчным кантрастам, хаця і ў тэму, прыгадваецца... "Пастой, паравоз" (беларускі варыянт паравоза: тут)
- Mother (Pink Floyd). Нейкая наркаманія, але торкае.
- Mutter (Rammstein). А гэта ўжо нейкі фрайдызм. Зьвярніцеся да лекара, спадар Тыль.
- Mother love усё таго ж Фрэдзінькі з кампаніяй. "Mama please, make me back inside!" Доктар Фройд плача ад шчасьця недзе ў лепшым сьвеце.

Мама Ліра ўхваляе. Гэта вам не задушэўныя сусьлі ў саўковым стылі, гэта рок, бэйбі! 

Сорам цыцак

Ліра
...вось што гэта за "дзіцё ўзяло грудзь", скажыце мне. Я не філёляг, але ведаю, што грудзі - множны зборны назоўнік. Грудзі - грудзьмі, а дзіцё бярэ цыцку. У школе нават верш такі быў, ці то Панчанкі, ці то каго з такім сэнсам: "Ганьба таму, хто выракся сваёй мовы - гэта як выплюнуць з агідай цыцку маці". Ці варта казаць, што ўся наша кляса рагатала з гэтай "цыцкі", а дарма.
Падступныя расейцы добра прадумалі свой плян па суцэльным панаваньні, пазычаючы ў суседніх народаў словы, каб ужываць іх у прыніжаным, здробненым значэньні. Згадайце ўсе гэтыя іхнія "шкодник", "дрянной", "мастак", "усмешка", "тётка-дядька", "мужик-баба": зьмізарнелыя словы, прамоўленыя з брыдзенькай інтанацыяй і фанабэрыста скрыўленай імпэрскай пысай. І вось чарговы "падарунак": сіські, перапеў цыцак - як нешта непрыстойнае. Няма нічога цяжэй, як рэабілітаваць бедныя слоўкі пасьля падобных рэпрэсій. Ня кожны цяпер пераадолее крыўдны сорам нованавязанага значэньня.
Для мяне ж цыцка/цыцкі - нармальнае годнае слова, якое ня варта паліваць брудам праз капрызы дурной імпэрыі. І маё дзіцё ахвотна бярэ цыцку, а ня "грудзь".
gambe
...толькі зараз успомніла - сёньня ж гэтае іхнае трэцяе ліпеня!.. як добра-такі жыць у Італіі!

/мой стары дэм у тэму/Collapse )

Tags:

Сябры! Калі хто ведае...

cucina
...ці ёсьць праца фрылянс па-беларуску?
Шукаю ўсемажлівы рэрайт, копірайт, карэктуру, стварэньне дэматыватараў, фота і фотаапрацоўкі і да т.п. У тым ліку пераклады (італ.)
Калі хто чым можа дапамагчы беднай ды беспрацоўнай Ліры - паведаміце, будзьце ласкавыя.

Моўныя пасыёны (ч.2)

chuchelo
/працяг. пачатак тут: http://ifighenia.livejournal.com/57835.html/
...хацела расьпісаць цікава ды разнастайна ўсе свае зблытаныя думкі наконт. Але нічога не складаецца ў цэлае, урыўкі, пошукі выйсьця, перапляценьні моў у мазгавых зьвілінах. Вось быў даволі цікаўны пост ды камэнты на тэму ўжываньня белмовы ў варожым ёй грамадзтве: http://rasichka.livejournal.com/6033.html#comments. І хаця пост аптымістычна сканчаўся словамі "нічога страшнага", Ліра як жыцьцём пабіты скептык "страшнага" бачыць аж занадта. І заўжды бачыла, можа, у сілу сваёй няўстойлівай псыхікі або чаго яшчэ; але жыцьцё беларускамоўных у Беларусі здаецца штодзённым няспынным змаганьнем.
Змагар зь Ліры апынуўся так сабе, і яна баязьліва зьліняла з роднай старонкі. Навошта, спытаеце, хіба ў іншай краіне можна будзе расьціць беларускамоўнае дзіця? І хай бы яшчэ ў Амэрыцы ці Нямеччыне якой, дзе Беларусаў - як тых сабак, а то... Прычына можа камусьці падацца ідыёцкай, бо апрача слабавытлумачальнае любові да тэй няроднай старонкі ды жаданьня зьберагчы і без таго /сама/сапсаваныя нэрвы тут вось што: няхай маё дзіцё не размаўляе па-расейску. А па-італійску дык - калі ласка.
Толькі вось цяпер мама і сама заблыталася ўва ўсіх гэтых мовах. І няўпэўненая ўжо, ці хоча яна, хаця б факультатыўна, вучыць дзіцё гаротнай сьвятой пакутніцы-мове. Ужо сама намучылася гэтай мовай, і гэтай падпольнай музычкай, і гэтымі зласьлівымі кніжкамі, і гэтымі расстралянымі пісьменьнікамі... словам, усімі гэтымі гетамі. Чаму яшчэ і яго жыцьцё мусіць праходзіць у пэрманэнтным стане "душа баліць"? Хаця, канешне, у плянах распавесьці і пра геты, і пра-славутыя ВКЛ ў карцінках з Арлоўскай кніжкі, і пра найлепшых прадстаўнікоў шалёнага - здаралася - народа. Пакуль што я толькі перапяваю сыну немудрагелістыя песенькі кшталту
http://www.youtube.com/watch?v=vhpWQTS4UPQ або http://www.youtube.com/watch?v=FYUqQRkdMG8 з траглядытнымі словамі "коцічка, любімы, ня плач" або "сьпі, мой коцічка, засьні", а тата сыночка дражніць яго "котэкіно" і "котолетта" (яму абы пажэрці, тату гэнаму!..), на што мама заўжды крыўдзіцца. А яшчэ ёсьць песьня пра чаравік, пад якую Ліру прымушалі танчыць у дзіцячым садку, за што яна яе ненавідзела. Цяпер гэты недашыдзёвар безьвядомага аўтара выклікае ў мамы-Ліры настальгію, і яна сьпявае яе пад акампанемент дзіцячай бразготкі свайму маленькаму... Мне амаль ня сорамна за ўласную баязьлівасьць. Амаль.
Спадарства, а як вы там на Радзіме змагаецеся за заваёву беларускам
яоўнай  прасторы? Дзяліцеся цікавымі гісторыямі й досьведам!
Туп-туп, чаравік, не ляніся!
    Туды-сюды, чаравік, павярніся!
pianoforte
Неяк - было гэта ў 2005, здаецца - пайшла я на музычна-паэтычны збор хаданятаў у Акадэмію мастацтваў (але можа гэта быў і "Кулёк")... даўненька тое было, вось дэталі і падзабыліся. З тае імпрэзы адзіным, што трывала ўрэзалася ў памяць, была песьня маладога - маладзейшага за мяне - паэта-пачаткоўца Ўладзя Лянкевіча. І ўразіла ж яна мяне, а ўжо хто крыху ведае нашу Ліру, той скажа, што ўразіць яе ну вельмі і вельмі нялёгка. Але песенька была надзвычай файная, і я помню, як ва ўражаным стане доўга сноўдалася пасьля канцэрціка па надвакзальным масьце - была вясна, усё квітнела, а прыпадкавасьць чуйств буяла.
Калі мне даводзілася бачыць потым спадара Лянкевіча, я, вядома ж, прасіла яго зграць яшчэ раз песеньку. Але ён ня граў, ці ад сарамлівасьці, ці то на злосьць маёй назойлівасьці.
Вось таму я вырашыла перапець яе, чаму толькі цяпер - ня ведаю сама. Песеньку я запомніла добра, але кавэр ёсьць кавэр, і ў маім варыянце акорды не заўжды супадаюць, ды й фано - не гітара. Ды й голасу ў мяне няма, адно слых; якасьць запісу брыдотная, а дыкцыя прымушае пісаць тэкст пад відэа. Так што калі які таленавіты сьпявак захоча стварыць свой кавэр, і калі сп. Лянкевіч ня будзе супраць - то сучбелмуз безумоўна папоўніца новай пярлінай.

Слухаць песьню Лянкевіча - тут: http://www.youtube.com/watch?v=TtGihVkThcY
dolorsangue
  У маім месцамі цудоўным музвучылішчы (называю яго так, а не вучэльняй) была адна надзвычай важная асоба. Я нават назаву яе сапраўднае імя, і калі хтосьці зь бязьмерна ўдзячных яе экс-вучняў пачне абурацца й падаваць на мяне ў суд за парушэньне ейнай прайвасі і/ці арэола - на здароўе, а дакладней, мяне гэта не цікавіць. Прыналежнасьць дзёньніка канкрэтная, і я выкажуся проста таму, што хачу гэтага. Такім чынам, асобу завуць Бэлла (хаця імя, паводле італ., ня надта ёй адпавядае), цяпер ёй год 70, але я згадацьму далёкія падзеі дэкадай раней.
  Бэлла разумная й вельмі таленавітая ў сваёй вобласьці, але лічыць сябе яшчэ разумнейшай, і ёй прыемна, калі іншыя хваляць ейныя годнасьці. Больш за ўсё на сьвеце Бэлла любіць удзячнасьць; яна настолькі любіць яе, што ня ўстане адрозьніць сапраўдную ўдзячнасьць ад удаванай. Яна ненавідзіць тупасьць, а яшчэ больш - непісьменнасьць, нават калі гаворка йдзе пра няправільны націск ці таўталёгію. Так, за фразу "народны фальклёр" Бэлла пераплюнула ўсіх фурый Глюка ў сваім гневе - той самы народны фальклёр, які я пастаянна сустракаю ў розных артыкулах інтэрнэта па выхаваньні дзяцей. Аднойчы нягеглая харавічка сказала надта глупую фразу пра кагосьці зь вялікіх музыказнаўцаў сэсэсэр - крыкі Бэллы былі чуваць ці не ва ўсёй велічнай будыніне вучылішча. Дрыжачы ад страху, харавічка ўзялася прасіць прабачэньня ў Бэллы, на што тая з каменным тварам адказала - "нет, не прощаю". Бэлла перажыла цяжкую траўму ў дзяцінстве: бацькі не саромеючыся прызналіся былі дачцэ, што нашмат больш любяць яе старэйшага брата. З тых пор, пэўна, няшчасная займела сур'ёзны комплекс недалюбленасьці. Таму стварэньне сям'і й яскравая любоў да ўласнай дачкі, унучкі Ірачкі й коткі былі яе асабістым гонарам і трывалым прадметам для размоў - калі ў гуморы, натуральна.
  У Бэллы была група з шасьці музыказнаўцаў, дакладней, цягам гадоў у яе было шмат такіх груп, але гаворка пойдзе пра адну канкрэтную. У групе, апрача Ліры, былі Надзея, Воля, Марыся, Кася і Надзя Г. Усе харошыя дзевачкі не без тараканаў, а некаторыя - і не без абсалютнага слыху, што Бэлле вельмі падабалася. Слых гэты яна пасьпяхова разьвівала: яе настаўніцка-музыказнаўчыя здольнасьці, бясспрэчна, уражвалі. Але вось незадача - такі слых быў не ва ўсіх дзяўчат, і калі якая небарака дапускала грубую памылку ў задачы па гармоніі або ў двухгалосным дыктанце па сальфэджыё - Бэлла не цуралася і асабістых абразаў. Асабліва даставалася Марысі, найдабрэйшай душы, працавітай, сьціплай, цудоўнай дзяўчынцы. Марыська прачыналася а палове на пятую ранку, каб рыхтаваць Бэллаву "гармонію", і ўсё дарэмна - стараньне не было ацэнена. Пры тым Бэлла лічыла абавязкам выхоўваць сваіх музыказнаўцаў-падлеткаў, прывіваючы ім, напрыклад, любоў да чытаньня добрых кніг, адной зь якіх, па яе меркаваньні, быў "Парфумэр" Зюскінда /ну так, бліскучая задумка, лёгка чытаецца... а пасьля што? застаецца брыдзенькі такі прысмак, як ад няякаснае парфумы/. Яшчэ Бэлла не любіла раман Горкага "Маці" /не пракамэнтую, бо не чытала/, а любіла і заўжды насіла з сабой чарговую кішэнную ксёнжку Дар'і Данцовай з шыкоўным апраўданьнем: "Я вартасныя кнігі чытала ў маладосьці, так што цяпер маю права чытаць вось гэткія". А калі ў якой дзяўчыны па вядомых прычынах балеў жывот, камэнтаром было наступнае: "У каго што баліць, той тым і думае. У мяне вось заўсёды баліць галава".
  На чацьвертым, апошнім курсе, здарылася драматычнае, канфлікт, варты опэрнага лібрэтта. Бэлле нашапталі на вушка, нібыта яе музыказнаўцы вельмі кепска пра яе гавораць, у тым ліку і мацерна, а запраўляе гэтым сусветным ліхам ейная найпэрспэктыўнейшая надзея на паступленьне ў кансэрваторыю, Ліра. Ад таго дня ў пяці музыказнаўцаў з шасьці пачалося пекла: кпіны рабіліся ўсё больш жорсткімі, абразы - балючымі, а гнеў - нястрыманым. Ва ўяўленьні Бэллы няўдзячныя навучэнкі па-здрадніцку, цішком цкавалі няслушным словам яе, гаротніцу. Такім чынам, варта было нам прызнацца ў сваім захапленьні Эпізодам фашысцкага /якое насамрэч нацысцкае/ нашэсьця Шастаковіча - ну вядома ж, а што яшчэ магло спадабацца такім як мы. Варта было спытаць камусьці з нас, а што такое інфэрнальны ці экзальтаваны - "паглядзіце на .../Ліру/, зразумееце". Нават факт, што Ліра не жадала размаўляць зь ёю па-беларуску быў трактаваны Бэллай не як абарончая пазыцыя, а як праява антысэмітызма. Натуральна, не абыходзілася й без дэманстрацыі новазьяўных сардэчна-ціскавых праблем, выкліканых аматаркамі фашыстоўскіх нашэсьцяў.  
  Зласьлівасьць так і пырскала з Бэллы да самага выпускнога недарэчных музыказнаўцаў, на які яна пакрыўджана не прыйшла, тым самым зрабіўшы сьвята сапраўды вясёлым і радасным. А да гэтага выпуск абламаў ёй асноўную задачу - а менавіта, паступленьне ў кансэрваторыю. Бэлла хацела сплавіць туды Ліру і Надзею, усё за кляты абсалютны слых. Але пасьля курсаў перад паступленьнем у той самай кансэрваторыі Ліра зганьбіла яе тым, што выказала саўковай закалкі выкладчыкам "храма музыкі" сваё скептычнае стаўленьне да т.зв. белмуза ў асобах Чуркіна і кампаніі. Пасьля па-крывадушніцку выказанага Ліры абурэньня яна адмовілася паступаць у храм, бо нейк раптоўна зразумела, што дзяўбатні мазгоў зь яе до'. Што да Надзеі, яна таксама была поўная гэтым трызьненьнем і таксама адмовілася. Хто сапраўды хацеў у кансэрваторыю - Марыся, але ёй Бэлла без канца выказвала свае "фе", не ўнікаючы за рознымі вычварнымі фразамі называць яе недаравітай, што зусім няпраўда. Аччідэнті, Бэлла, табе так падабалася душыць сваім інтэлектам дзяцей за няправільна пабудаваную фразу ці грубую памылку ў гарманізацыі... няхай яны дапускаюць паралельныя квінты і актавы і не валодаюць яшчэ тваім аратарскім дарам, але чорць вазьмі, Бэлла, яны яшчэ дзеці, іх можна зламаць назаўжды - адным толькі калючым словам, ня тое што тваімі тырадамі... У выніку ў кансэрваторыю Марыся не пайшла. Яшчэ жарстчэй Бэлла абыйшлася з Касяй, якая не вылучалася Марысінай працавітасьцю, чым неверагодна злавала настаўніцу. Бэлла неяк трапна сказала пра яе - "ты як маці сямейства, такія ў цябе каштоўнасьці", спадзеючыся, мажліва, зачапіць Касю. Каштоўнасьці і праўда былі такія, і дзяўчына ні кроплі іх не саромелася. Тое, што яна ня ставіла на першае месца вучобу, раздражняла Бэллу; да таго ж Кася была хваравітай дзяўчынкай... Урэшце Бэлла прад'явіла ультыматум: або ты бярэш акадэм, або я цябе выключу сама - і гэта за пару месяцаў да сканчэньня вучылішча. На выпускным Касі не было - давялося сысьці ў акадэм.
А Воля, якая мела прыродны талент псыхоляга, першая ўгледзела ў Бэлле тое закамплексаванае недалюбленае дзяўчо і годна трымалася вышэй за разьведзеныя ёй бурапенныя жарсьці ў тонкім кілішку. Зь яе падачы мы ўпяцёх доўга сьмяяліся зь неахайна кінутага Бэллай "тысяча ілі даже тріста раз говоріла вам" . Воля, а за ёй і іншыя адразу ж скемілі, хтО нагаворваў Бэлле на нас. І толькі Ліра, якая была малой, неразумнай і неабачліва шчырай, не давала веры, што гэта - ейная суседка па пакоі, складаная, неаднойчы траўмаваная і прыліплівая больш за саму Ліру
/што само па сабе нялёгка/, відавочна пакрыўджаная на тое, што Лау ляпнула ёй калісь - "мы не сябры"... Але на тое беднае стварэньне і крыўдаваць было немагчыма, настолькі ў той пэрыяд яе крыўдзіла жыцьцё.

  Ну вось, цяперака пакінем гэтыя прамінулыя жарсьці за плячыма. У заключэньні спынюся на адным аспэкце, і тут ужо Бэлла абсалютна не пры чым. На Бэлле дагэтуль трымаецца ўсё вучылішча - музыказнаўчая яго частка. Толькі вось справа ў тым, што трымаецца ўжо не жывы арганізм, а нешта прагнілае, трупехлае. Музыказнаўцаў адбіраюць цяпер выключна зь няздольных паступіць на іншы факультэт, ды ўсё адно жадаючых рабіцца гэтым самым музыказнаўцам усё менее. Яны пачынаюць разумець тое, што ня здолелі зразумець мы. Бо ніхто ў пагоні за дасканаласьцю ў задачах па гармоніі не гаварыў, што найлепшая твая пэрспэктыва пасьля ўсіх колаў /пекла/ кансэрваторыі - выкладаньне ў той самай вучэльні той самай гармоніі з пастаянным дзяўбаньнем мазгоў дый за сьмехатворныя капейкі... што калі ты захочаш падацца за мяжу, то ня знойдзеш у тамтэйшых кансэрваторыях музычна-тэарэтычнага адзьдзяленьня... што глыбокія спазнаньні ў гармоніі ды абсалютны слых максымум выклічуць зайздрасьць у некаторых тваіх велькаўзроставых вучняў-энтузыястаў, якім ты за той мяжой з адчаю будзеш выкладаць "музычку" ў індывідуальным парадку за 10 эўра ўрок...
  Ніхто не гаворыць і будучым настаўнікам якой-небудзь белмовы, што ім сьвеціць тая ж праца за капейкі, і так усё жыцьцё - што наступствам будзе немагчымасьць паехаць адпачываць у Эўропу, немагчымасьць дазволіць сабе хоць штось лішняе, як фэстываль Басовішча ці пасядзелкі ў бары зь сябрамі - без нэрвовага лічэньня мізэрабільных і прыніжальных капеек.
  Ніхто вам ня скажа аб бесталковасьці многіх прафэсый ў нашай краіне, аб тых наступствах, што перапоўненыя саўковым энтузыязмам і вычварнай помсьлівасьцю настаўнікі лічаць нечым ганебным. Бо есьці і піць лепей, апранацца лепей, падарожнічаць кудысьці апрача Крымаў і Адэс - ганебна. Бо, як жа ж, калі ня мне - няхай ня будзе нікому. Бо мець за мэту зрабіцца маці сямейства - ганебна, дбаць аб матэрыяльным дабрабыце - ганебна, марнаваць абсалютны слых - ганебна. Крыж твой, вось і нясі яго, будзь ласкавы. Бо саўковае выхаваньне прымушае цябе з пагардай ставіцца да грошай, а калі ты, крый Божа, выкажаш сваю неабыякавасьць да матэрыяльнага боку жыцьця, ты - памяшаны на грошах бяздушны капіталіст, хай яны і ня скажуць табе гэтага ў вочы, але - абавязкова падумаюць. І для іх ты мусіш рабіць якімсьці музвыкладчыкам - "для душы", не рабіць жа нешта выключна грошай дзеля. Нават калі пры апошнім варыянце ты думаў бы не як праіснаваць да заробку, а пра тое, як цудоўна правядзеш вольны час за сачыненьнем музыкі ці літаратурным экспэрымэнтаваньнем. Паверце, мне трапляліся такія вось "энтузыясты" сваёй справы, якіх клапоціць адно  далейшае выжываньне гэтай самай справы іхнага місыянэрскага жыцьця. Не заўважаючы, што справа - даўно згніла й пакрысе ператвараецца ў пыл.

Каб хто не падумаў - я не вінавачу Бэллу ці каго іншага ва ўласнай нерэалізацыі. Я не шкадую, як прадбачалі яны, што не пайшла ў кансэрваторыю. Я не шкадую нават, што правяла 4 гады ў тым вучылішчы, бо там я сустрэла многіх цудоўных людзей, якія зусім не былі падобныя да Бэллы.

Траўмы дзяцінства

dolorsangue
У дзяцінстве Лау чамусь вельмі хацела, каб яе называлі "коцік", і не які-небудзь там, а залаты. Але гэтак яе клікалі зусім ня часта. Ад разладу яна нават напісала сабе аўтапсыхатэрапійную калыханку пра таго самага коціка, хоць і атрымалася карузла.
Ішлі гады, "дзіця ўзрасло", а траўма засталася. І вось цяпер, калі ў Ліры зьявіўся маленькі, яна заве яго выключна "коцінькам". І "цудоўны" ён у яе, і "любімы", і "прыгожы". І нават - "залаты". Ну, гэта нішто сабе, калі коціньку два месяцы. Аднак кансэрватыўная ў нас мамка-Лау. Сыночак і ў 20 год у яе будзе "коцічкам". Траўмы дзяцінства, яны такія...

Моўныя пасыёны (ч.1)

va pensiero
/...жанр такі музычны ёсьць, Бах захапляўся. Па-расейску - страсьці, і ня тыя, што жарсныя, а што пакуты. Гэта не па тэме было, а так, прэамбула/
Жывучы ў краіне колішняй мары, Л. пакутвае ад засільля моў: італ, бел, ну і ад расейскай не падзецца - хіба толькі ў трасянку. Пакутвае - ледзь не засільваецца, і вынікам - размаўляць ні на адной з моў яна нармалёва ormai ня можа.
Зробім невялічкі экскурс у мінулае. Пачну з таго, што ў бесклапотным (?) раньнім дзяцінстве Л. не было амаль нічога беларускага - апроч Дзеда-барадзеда, якога пульхнатварае дзяўчо вельмі любіла і заўжды пыталася ў сваёй ніжагародзкай бабулі - дзе ж ён, Дзед-барадзед? А бабуля - "
е
щё
не абышоў белы сьвет". У беларускамоўным - справа была ў '90 - дзіцячым садку сапраўдным стрэсам была садкоўская ежа, і Лаў яе ніколі ня ела, змрочна чакаючы ад тоўстай выхавацелькі асуджанага "пі і ідзі спаць" (гэтае "пі" было загадкай для Л., і яна доўга не магла зразумець такой формы імпэратыва на італійскі манэр). У першай клясе беларускамоўнай жа пачатковай школы загадкавая мова працягвалася - і Лаў, гадаючы, што такое хмарка і расфарбоўваючы чорным замест чырвонага (вось калі б настаўніца сказала "тучка" і "красный"!..), цярпела паразы адну за адной. У трэцяй клясе яна ўпарта адмаўлялася вымаўляць "г" - з пратэста ўдаючы няўмеласьць. Першыя парасткі любові да мовы зьявіліся зь вершыкамі пра Жука і Сьлімака ды пра Хлеб (Танка), які расчульваў аж да сьлёз; з казкамі пра Жабак і Чарапаху, а таксама пра Крынічку-сінявочку. У чацьвертай клясе Л. была ўжо сапраўднай змагаркай, сачыняючы вершык пра ліхадзея, што мяняе сьцяг, памятным траўнем '95. А потым была расейскамоўная школа (цемрашальства між тым ахутвала зямлю чарнатою), прагнае жаданьне ў Італію на пмж і дурнападлеткавая нянавісьць да сваёй краіны - "калгас, сьвінарнік, адсталая"... Калі пан Вольскі сваім цудатворным голасам абудзіў дрэмлючую ў бярлогу сьвядомасьць нязграбнай хударлявай Л., дзяўчыне было ўжо амаль 19 і яна сканчала вучэльню. Нягледзячы на лічаныя месяцы да заканчэньня, Лаў загаварыла па-беларуску сярод тых, хто 4 гады ведаў яе расейскамоўнай - яны сьмяяліся зь яе і былі скептычна настроеныя. Л. чытала ня вершы - крытыку на вершы зь іх урыўкамі ("не было і няма весялосьці") ды слоўнік Байкова/Некрашэвіча (сьмеючыся тыдзень са слова "здырдзіўся"). Яна перастала дадзяваць іншым, папраўляючы распаўсюджаныя памылкі ў словах "поняла", "звоніт" і выразе "іздеваться над к.-л". Ніжагародзкая бабуля недаўменна запытвала - "откуда это у русской бабушкі да белорусская внучка?" Апагеем пасыёна па мове было шчырае жаданьне Л. выправіцца асьветнічаць у Карэлічы па разьмеркаваньні. Але замест Карэлічаў яна апынулася ў менскім "Танку", дзе яе вучылі выкладаць у школе прадмет "Музыка": тры чвэрці з чатырох мусілі быць прысьвечаны аднаму-адзінаму калямузычнаму твору ў фа-мажоры - здагадайцеся, якому. Лаў упала ў хандру, а потым - італійцы выйгралі футбольны чэмпіянат, Л. прынялася за італійскую, расталася з каханым - празь яго здраду, выправілася ў Італію першы раз, а затым - другі, а затым...
Л. не рэалізавалася прафэсыйна і, верагодна, ужо не рэалізуецца ніколі. Яна цяпер на пмж там, куды марыла трапіць у сярэдніх клясах школы. Толькі туды варта было і ехаць у пэрыяд сярэдніх клясаў, а цяперака тут 50 адсоткаў маладых беспрацоўных, сваёй і чужых нацыянальнасьцей... Зрэшты, Лаў зьехала сюды не з-за грошай і ня ў пошуку мітычнай працы. Яна не хацела, каб яе дзеці - хай і ў далёкай пэрспэктыве - нараджаліся і расьлі ў маразьме. Потым яна перадумала "дзяцей" на "дзіцё", а пэрспэктыва апынулася нечакана недалёкай. І вось тут на шляху паўсталі праблемы і цяжкасьці перакладаў...

/працяг будзе/

Жанаты, на'!

Ліра
Ізноў я пра іхныя цяжкасьці перакладу, а менавіта - пра непісьменнасьць распрацоўшчыкаў белвэрсыі сацсайтаў (першы пост з нагоды тут: http://ifighenia.livejournal.com/54616.html). Гэтым разам вось што мяне ўстурбавала: ўсюдыіснае на контакте "жанаты НА". Ці то перакладчыкі ня ведаюць, што ў нармалёвай мове ажаніцца можна З КІМСЬЦІ, ці то проста лянотна калькуюць расейскамоўны (жаночападпарадкавальны, дарэчы) варыянт, але чамусьці хочацца адаслаць такіх перакладчыкаў НА (...)

Калі хто прыняў бы да ведама, было б супэр. Радуе, што папярэднія хібы (гл. спасылку вышэй) выправілі.

Пытаньне да сяброў

germoglio
Сябры, а што вы адчулі, калі ўпершыню зрабіліся бацькамі?
va pensiero
/працяг, пачатак у папярэднім запісу/
Плённы на манатонныя гіты Лючано Лігабуэ (Luciano Ligabue) ня здрадзіў свайму рэпэртуару і ў сьвежай балядцы ва ўлюбёным аўтарам памеры 6/8. Слухайма зараз “Ora e allora”

Брутальны бэнд “Літфіба” (Litfiba) выпусьціў альбом з іранічным (?) назовам “Grande nazione”, у якім, мякка кажучы, не чуваць асаблівай арыгінальнасьці, затое прысутнічае злабадзённа-сацыяльная тэматыка. /http://www.youtube.com/watch?v=wc0cxRMWMn8&list=PLG5Wea9J49mfVEHgwD_Em4LeETN75uwRT/
Тасканскі рок-гурт “Нэгріта” (Negrita) працягваў асалоджвацца славай пасьпяховага альбому 2011 г. “Dannato vivere” і разам з тым зладзіў шэраг канцэртаў па краіне. З гэтай нагоды і выйшла складанка Negrita Live. Гіт “Brucerò per te”, выкананы перад мілянскай публікай.

Пабачыў сьвет і вельмі неблагі альбом гарычых паўднёвых хлапцоў з “Нэграмаро” (Negramaro). Традыцыйна драматычная, недзе надрыўная манэра выкананьня Джуліано Санджорджы (Giuliano Sangiorgi) ўлучна зь неадназначнай (?) назвай робіць трэк “Чырвоны кастрычнік”, бадай, найцікавейшым з альбому. Такім чынам – “Ottobre rosso”. /http://www.youtube.com/watch?v=lMgIHnFlyBg&list=PLG5Wea9J49mfVEHgwD_Em4LeETN75uwRT/
Неўміручы дыназаўр Васко Россі (Vasco Rossi) пасьля неабачлівага абвешчаньня “канца” ўласнай муздзейнасьці выдаў падборку сваіх старых гітоў на новы лад: лірычны, пранікнёны, з аркестрай ды напаўпрыстойным балетам. Для вас – “Albachiara”. 

Ну і закончым яшчэ адной радаснай навіной пра Васко: надась рокер заявіў аб сваім вяртаньні на стадыённыя сцэны і пабэсьціў фанаў новай блазнотлівай песенькай “L’uomo più semplice”. /http://www.youtube.com/watch?v=jpCKfis1nEs/
lau
для Вольгі Л.
2012 выдаўся ня надта плённым на прыстойную італійскую музыку. Адразу зазначу, што закранацьму ў сваім аглядзе толькі рэчы, што падаліся мне найбольш прыстойнымі, ігнаруючы іншыя, больш пасьпяховыя, але – горшага мастацкага ўзроўню.
Адметная падзея пачатку году – фэстываль Сан Рэма запомніўся ня столькі пасрэднымі сьпявачкамі ў тройцы прызёраў, колькі шырока рэзанантным выступам неўвядальнага Адрыяно Чэлентано (Adriano Celentano), які падверг жорсткай крытыцы сацыяльную і маральную сытуацыю краіны і мімаходзь выканаў некалькі сьвежых тады ўласных гітоў. Спынюся на сацыяльна тэматычнай “Non so più cosa fare” з удзелам Франко Баттыято (Franco Battiato) і Лорэнцо “Джованотті” (Jovanotti).

З выканаўцаў-канкурсантаў фэстывалю вылучу юнага П’ердавідэ Каронэ (Pierdavide Carone) і вопытнага Эўджэніё Фінарді (Eugenio Finardi). Першы прадставіў на суд “Nani”, пранікнёную баляду пра непадзельнае пачуцьцё нявопытнага хлапца да сучаснай Травіяты:
“Скажы, чаму заўжды кахаеш іншых ты, а я - адну цябе?
Скажы, чаму сказала мне пайсьці, калі прасіў я уцячы са мной?”
Адметна, што дырыгентам аркестры і бэк-вакалістам у пачаткоўца Каронэ выступіў сам Лючо Далла (Lucio Dalla), легенда італмузыкі, які, на жальл, скорасьпела сканаў празь месяц пасьля фэстывалю.

Вэтэран сцэны Фінарді сьпеў лірычную “E tu lo chiami dio”, незаслужана неацэненую жаночафільскім журы. /http://www.youtube.com/watch?v=VMgi_N0r3o0&list=PLG5Wea9J49mfVEHgwD_Em4LeETN75uwRT/
Пакінем невядомае цяпер нікому Сан Рэма і паглядзім, чым займаліся ў прамінулым годзе занадта зорныя для фэсту выканаўцы т.зв. “лёгкага” жанру музыкі. Б’яджо Антоначчі (Biagio Antonacci) выпусьціў альбом “Sapessi dire no”, які адразу ж набыў папулярнасьць. Асабіста мне да спадобы трэк “Senza un nome”. /http://www.youtube.com/watch?v=4dQbXS5uYUA&list=PLG5Wea9J49mfVEHgwD_Em4LeETN75uwRT/
А вядомы і па-за межамі Італіі Тыцыяно Фэрро (Tiziano Ferro) /сьвецкі сьвет яшчэ не састыў пасьля ягонага аўтынга/ стрэліў шматгітовым “Amore è una cosa semplice”, у назве якога чуецца нейкі выклік. Слухайма “Troppo buono”.

І наступным разам мы паглядзім, чым адказвалі сваім поп-калегам апэнінскія рок-музыкі.

Беларусь - Італія

papavero
Не, не пра футбольны матч гаворка, а пра тыя рэдкія сувязі дзьвюх маіх краін, што мне выпадала тут сустрэць.
Зусім нядаўна, падарожнічаючы па гарах П'емонта, у мініятурным мястэчку Торрэ Канавэзэ нечакана знайшлі выставу "савецкага" жывапісу. Сярод карцін, наўпрост на муры вежы 14 стагодзьдзя - праца беларускага мастака Віктара Альшэўскага, пра якога асабіста я нічога ня чула, але тым ня менш альшэўскі
/каму раптам цікава - сайт мястэчка: http://www.torrecanavese.piemonte.it/hh/index.php?jvs=0&acc=1/

Tags:

Сіцылійскі фальклёр

Ліра
Драматычная рэч "О, Нічі"

Tags:

Вока ківі

scarpe
the eye in the kiwi

Tags:

Profile

Ліра
ifighenia
Лау Ліра

Latest Month

November 2014
S M T W T F S
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30      

Page Summary

Syndicate

RSS Atom
Powered by LiveJournal.com